Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Hromada » Maksymiuk Jan » Безназоўнае Падляшша
Безназоўнае Падляшша
Natisnuti, kob pobôlšyti...
Ян Максімюк
2011-02-21
Радыё Свабода

Пра магілы

Беларушчына на Падляшшы дагасае. Зьнешне сытуацыя выглядае як быццам заспакаяльна – у Беластоку працягваюць выхад тыднёвік „Ніва” і месячнік „Часопіс”, штогод выходзяць некалькі беларускіх кніжачак зь вершамі, прозай або публіцыстыкай, існуюць беларускія перадачы на дзяржаўным польскім радыё і тэлебачаньні, тысячы дзьве або тры падляскіх школьнікаў навучаецца беларускай мове ў школе. Але кожны, хто мяркуе пра сытуацыю беларушчыны на Падляшшы не па артыкулах у „Ніве” ці перадачах Радыё Рацыя, а абапіраецца на асабісты досьвед, – як, напрыклад, я, – ня можа не прызнаць (прынамсі перад самім сабою, у глыбіні душы), што інстытуцыянальная беларушчына не запыняе працэсу асыміляцыі падляскіх беларусаў, бо яна, гэтая беларушчына, даўно ператварылася ў вонкава прывабную, але насамрэч мёртвую абалонку меншасьці, якая адной нагой ужо стаіць у магіле.

Самы выразны і аб’ектыўны сыгнал нашага няўмольнага згасаньня прагучаў пасьля абвяшчэньня вынікаў перапісу 2002 году. Вынікі засьведчылі, што беларусаў на Беласточчыне ня чвэрць мільёна, як лічылася ў 1990-х і раней, а ўсяго 46 тысячаў. Паводле гэтага самага перапісу, каля 40 тысячаў беларусаў яшчэ гавораць дома па-беларуску; шэсьць тысячаў гавораць дома па-польску, тым ня менш залічваюць сябе да беларусаў.

Іншыя сыгналы гэтага згасаньня, можа быць, менш выразныя, чым вынікі перапісу, але ня менш красамоўныя. Нягледзячы на паўстагодзьдзя з гакам навучаньня беларускай літаратурнай мове на Падляшшы (у выніку чаго два-тры дзясяткі тысячаў падляскіх беларусаў, прынамсі тэарэтычна, павінны былі стаць граматнымі ў гэтай мове), гэтая граматнасьць ніяк не праяўляе сябе ў публічным жыцьці. Не існуе літаральна ніводнага жывога падляскага сайту ці форуму ў інтэрнэце, які вёўся б на беларускай мове. На беларускай мове на Падляшшы публічна і рэгулярна пішуць і гавораць толькі тыя, хто гэтым заняткам зарабляе сабе на хлеб (то бок, два дзясяткі журналістаў). Калі б не было дзяржаўнай падтрымкі і грантаў, уся беларуская выдавецкая справа на Падляшшы загнулася б за лічаныя тыдні. Нікому зь беларусаў ня рупіць падтрымліваць беларускае слова з свае ўласнае кішэні.

Паволі, але няўмольна згасае і беларуская літаратурная творчасьць на Падляшшы. Наймаладзейшым зь літаратурнай сябрыны „Белавежа”, якія яшчэ час-часам выдаюць нешта па-беларуску, сёньня ўжо больш за 50 гадоў. Нягледзячы на розныя высілкі, каб абудзіць зацікаўленасьць беларускім культурным словам сярод пакаленьняў школьнікаў і ліцэістаў, нічога талковага не атрымліваецца. Беларуская мова ўжо перастала быць мовай культуры для падляскіх беларусаў. У публічным жыцьці яна засталася толькі як мова журналістыкі і як прадмет у школе.

Дый факт, што 40 тысячаў чалавек на Паддяшшы гавораць па-беларуску ў сям’і, далёка не адназначны і неаспрэчны. Пра гэта крыху далей.

Пра надпісы над магіламі

У 2005 годзе ў Польшчы ўвайшоў у жыцьцё закон „Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях ды рэгіянальнай мове”. У фармальным сэнсе закон зьяўляецца разьвіцьцём і ўдакладненьнем абавязаньняў, якія ўзяла на сябе Польшча, далучаючыся да Эўразьвязу ў 2004 годзе і прымаючы корпус эўрапейскага заканадаўства, напрацаваны Эўразьвязам раней. Кажучы яшчэ дакладней, гэты меншасны закон у вялікай меры зьяўляецца польскай канкрэтызацыяй „Эўрапейскай хартыі рэгіянальных і меншасных моваў”, якую Польшча ратыфікавала ў 2009 годзе.

Паводле закону, да меншасных моваў у Польшчы належаць, сярод іншых, беларуская, украінская, літоўская, нямецкая, славацкая. Да рэгіянальных моваў: кашубская і лэмкаўская.

У практычным сэнсе закон дае права меншасьцям у тых гмінах, дзе яны складаюць ня менш за 20 адсоткаў насельніцтва, карыстацца мовай меншасьці як „дапаможнай” у кантактах зь мясцовымі ўладамі (то бок, гаварыць па-свойму з гміннымі службоўцамі і пісаць па-свойму просьбы ў гміну) ды зьмяшчаць на дарожных знаках з назвамі мясцовасьцяў традыцыйныя назвы, побач з польскімі.

У беларускім выпадку практычнае значэньне мае толькі артыкул закону аб дзьвюхмоўных дарожных знаках з назвамі мясцовасьцяў. Беручы пад увагу сытуацыю зь беларускай граматнасьцю, пра якую я згадаў вышэй, ніхто не спадзяецца, што каму-небудзь захочацца ў нейкай гміне напісаць нейкую паперыну па-беларуску (а гаварыць па-свойму ў гмінных установах на Падляшшы і раней ніхто не забараняў).

Інакш кажучы, нельга ўжо запыніць сыходу беларушчыны ў магілы, якімі па сутнасьці сталіся беларускія вёскі на Падляшшы. Але яшчэ магчыма паставіць над гэтымі магіламі крыжы з надпісамі на роднай мове нябожчыкаў.

Усе іншыя меншасьці, якія мелі 20-адсоткавы дэмаграфічны патэнцыял у нейкай гміне, ужо паставілі сабе дзьвюхмоўныя знакі са сваімі традыцыйнымі назвамі і пра ўсю справу пасьпелі забыць (такім чынам, у Польшчы вы можаце натрапіць ня толькі на літоўскія і кашубскія назвы, але і на нямецкія). А вось на беларускія знакі вы не натрапіце, нягледзячы на тое, што беларусы займаюць трэці па немцах і кашубах кампактны арэал меншаснага пражываньня ў краіне, і маюць права напісаць свае назвы на знаках у 12 гмінах (гарадоцкай, нараўчанскай, нараўскай, бельскай, чыжоўскай, гайнаўскай, дубіцкай, арлянскай, кляшчэлеўскай, чаромхаўскай і дзьвюх гарадзкіх – у Бельску і Гайнаўцы). Чаму няма беларускамоўных дарожных знакаў?

Гэтае пытаньне, як мне здаецца, з тае самае катэгорыі, што і пытаньне: чаму ў Горадні, у якой больш за 300 тысячаў насельніцтва, сёлета бацькі толькі адной дзяўчынкі захацелі аддаць сваё дзіця ў беларускамоўную клясу? Або пытаньне: чаму Лукашэнка, які кіруе Беларусьсю амаль 17 гадоў, можа безь вялікіх праблемаў пакіраваць ёю і наступныя 17? Зразумела, на Падляшшы няма ні Лукашэнкі, ні Горадні, але застаецца той самы народны беларускі мэнталітэт, што і ў Рэспубліцы Беларусь.

Я ня ведаю, кудою пралягае шлях да загадкі беларускага мэнталітэту як такога, а таму тут дам толькі частковы адказ на вышэй пастаўленае пытаньне, то бок, пастараюся сфармуляваць правінцыйны, падляскі варыянт адказу на пытаньне, чаму ўсё роднае нам да лямпачкі.

Хто баіцца дыфтонгаў?

Публічнай таямніцай Падляшша, пра якую ня згадвае ні „Ніва”, ні Радыё Рацыя, зьяўляецца факт, што беларуская літаратурная мова амаль ня мае апоры ў жывых народных гаворках. Са згаданых мною 40 тысячаў чалавек, якія заявілі, што гавораць на беларускай мове дома, толькі каля 8 тысячаў гавораць на гаворках літаратурнай мовы, тым часам як 32 тысячы – на падляскіх гаворках, якія зьяўляюцца заходняй пэрыфэрыяй арэалу палескіх гаворак Берасьцейшчыны (гэта мая ацэнка на аснове перапісу 2002). Так-так, маюцца на ўвазе гаворкі той самай падляскай мовы, якой мы з братам прысьвяцілі сайт Svoja.org.

Кажучы канкрэтна, калі трымацца духу і літары закону, дык назвы на беларускай літаратурнай мове можна зьмясьціць толькі ў нараўчанскай і гарадоцкай гмінах, бо толькі там у нас людзі гавораць на гаворках літаратурнай мовы. У 10 іншых гмінах, дзе людзі гавораць на той ці іншай падляскай гаворцы, трэба пісаць традыцыйныя назвы мясцовасьцяў па-падляску. Зразумела, у тым выпадку, калі мець на ўвазе захаваньне аўтэнтычнай моўна-культурнай спадчыны беларусаў Падляшша, а ня мёртвай абалонкі.

Не ўваходзячы ў спрэчкі наконт таго, ці падляскія гаворкі трэба залічыць да беларускай ці ўкраінскай мовы, ці да асобнай падляскай мікрамовы, я скажу толькі тое, што ў гэтым выпадку самае істотнае: практычна ўсе падляскія гаворкі выстройваюцца ў строгую фанэтычна-марфалягічную сыстэму, якая моцна адрозьніваецца як ад беларускай і польскай, так і ўкраінскай сыстэмаў. Гэтай сыстэмы нельга ігнараваць у назвах мясцовасьцяў, дзе яе арыгінальныя рысы (дыфтонгі уо, іэ і ыэ; оканьне і уканьне; адсутнасьць беларускага дзеканьня і цеканьня; адсутнасьць украінскага іканьня і ыканьня) выступаюць асабліва выразна і часта.

І тым ня менш, Гмінная рада Орлі ў сваёй пастанове з 30 верасьня 2009 амаль усе гэтыя прыкметы сваёй роднай мовы праігнаравала і зацьвердзіла „традыцыйныя” назвы мясцовасьцяў, якія ні зь якай мовай (ні беларускай, ні ўкраінскай, ні падляскай) ня маюць шмат супольнага. Інакш кажучы, для дарожных знакаў перад сваімі вёскамі арлянскія дэпутаты прыдумалі (або арлянскім дэпутатам нехта прыдумаў) нейкую асобную мову, якую ня толькі цяжка ідэнтыфікаваць, але ў якой таксама немагчыма вызначыць нейкія лягічныя фанэтычныя правілы.

З 26 „традыцыйных” назваў, якія Гмінная рада ў Орлі падала на зацьверджаньне міністру ўнутраных справаў і адміністрацыі (бо гэта ён прымае канчатковае рашэньне адносна абсталяваньня дзьвюхмоўных знакаў), толькі 9 (дзевяць) супадаюць у гучаньні з назвамі, якімі карыстаюцца мясцовыя жыхары, беларусы-падляшукі. 17 „традыцыйных” назваў з гэтага сьпісу, кажучы наўпрост, зафальшоўваюць аўтэнтычныя, беларуска-падляскія назвы вёсак.

Я ня буду разглядаць усе 17 выпадкаў гэтага перайначаньня, а пакажу толькі тры-чатыры назвы, каб даць вам адчуць абсурднасьць і адначасова небясьпеку гэтай спробы сьцерці адзін з апошніх аўтэнтычных сьлядоў беларушчыны на Падляшшы.

Пачнем з назвы цэнтру гміны. Дзяржаўная назва: Orla. Прапанаваная назва: Орля. Традыцыйная назва: Вуорля/Vôrla. (Я тут падаю аўтэнтычную падляскую назву ў кірылічнай вэрсіі, дзе дыфтонгі пазначаюцца дыграфамі уо, іэ, ыэ, і ў лацінскай вэрсіі паводле стандарту Svoja.org, дзе адпаведныя дыфтонгі пазначаюцца як ô, iê, ê). Прапанаваная назва паўтарае афіцыйную назву, ігнаруючы традыцыйнае прыстаўное в і дыфтонг уо.

Koszele – Кошэлі – Кошэліэ/Košeliê. Прапанаваная назва ігнаруе дыфтонг іэ, які адначасова вызначае месцы націску ў назьве (дыфтонгі ў падляскіх гаворках заўсёды пад націскам).

Moskiewce – Москоўцы – Москувціэ/Moskuvciê. Гэта рэкардсмэн, што тычыцца колькасьці зафальшаваньняў: прапанаваны варыянт ігнаруе уканьне ў другім складзе, дыфтонг іэ ў трэцім, а да таго ўключае нехарактэрнае „у кароткае”, якое ў жывых падляскіх гаворках выступае вельмі рэдка, а ў выпадку арлянскай гміны зьяўляецца несыстэмным гукам.

Czechy Zabłotne – Чахі Заболотны – Чэхі Заболотны/Čechí Zabołótny. Тут раптам зьяўляецца аканьне, якім ні ў гэтай падляскай вёсцы, ні ў іншых і ня пахла!

Gregorowce – Рыгороўцы – Рыгоруовці/Ryhorôvci. У прапанаванай назьве зьніклі дыфтонг уо і мяккае ц у апошнім складзе, затое зьявілася несыстэмнае „у кароткае”.

Ня трэба быць дыплямаваным лінгвістам, каб пабачыць, што запрапанаваныя ананімнымі спэцыялістамі варыянты ня ўпісваюцца ні ў якія нормы беларускай мовы – ні літаратурнай, ні якой іншай.

Можна было б пасьмяяцца і сказаць, што ніхто пры здаровым розуме гэткі абсурд ніколі не зацьвердзіць, так што ўсё гэта – пустая трата часу.

Але мне ўжо сьмяяцца ня хочацца. Па-першае таму, што гэтыя „традыцыйныя” назвы прыдумалі хутчэй не мае суродзічы-падляшукі з Орлі, у якіх адмысловай мовазнаўчай адукацыі няма, а „грамадзкая камісія” змагароў за беларушчыну на Падляшшы, у якую, калі верыць чуткам, уваходзілі людзі з тытуламі дактароў і прафэсараў навук, у тым ліку гістарычных і філялягічных.

Па другое таму, што „Часопіс” зь лютага 2011, у матэрыяле пад назвай „Гістарычны крок Орлі”, паведаміў: Запісанае кірыліцай гучаньне назваў мясцовасьцяў выпрацаваў калектыў экспэртаў, стараючыся паяднаць іх гутарковую асаблівасьць зь беларускім альфабэтам і ўзгадніць з гістарычнымі пераказамі. „Часопіс” дадае, што гэтыя назвы падтрымала Камісія па назвах мясцовасьцяў, якая дзейнічае пры Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністрацыі (МУСіА). Значыць, засталося толькі падпісацца міністру пад адпаведным распараджэньнем (магчыма, ён ужо і падпісаўся), і Орля ўвойдзе ў беларускую гісторыю. Я толькі ня ўпэўнены, ці ў гэтай гісторыі мовазнаўчы пачын у Орлі застанецца як сымбаль перамогі над асыміляцыяй, ці як яшчэ адна беларуская перамога над здаровым глуздам.

Што рабіць?

На гэтым месцы я чую рэплікі чытачоў: Калі ты такі разумны, дзядзька, дык чаму ты не пастараўся прадухіліць гэтую прафанацыю, калі яшчэ было можна? Чаму ты не падзяліўся сваімі сумневамі зь беларускімі экспэртамі той безназоўнай „грамадзкай камісіі” на Падляшшы і з польскімі мовазнаўцамі камісіі пры МУСіА ў Варшаве?

Усё гэта я зрабіў.

Можаце верыць або не, але ніякі беластоцкі беларускі СМІ толкам так і не паведаміў, хто насамрэч быў у тым калектыве экспэртаў, які раіў дэпутатам Гміннай рады ў Орлі наконт назваў. На ўзроўні чутак, якія дайшлі да мяне ў Прагу, я магу сказаць, што нібыта сярод іх былі гісторык Алег Латышонак і філёляг Міхал Кандрацюк. Але калі яны скажуць, што ў ніякай такой камісіі не былі, дык у мяне няма доказаў адваротнага. Гэта, мусіць, была даволі падпольная камісія...

Па-другое, адразу пасьля таго, як быў абнародаваны закон аб меншасных і рэгіянальных мовах, у красавіцкім нумары „Часопіса” ў 2005 годзе я апублікаваў артыкул, дзе ў прынцыпе напісаў тое, што пішу сёньня вам: закон дае нам шанец аддаць справядлівасьць нашым мёртвым вёскам і запісаць іхныя назвы так, як яны гучаць у сапраўднасьці, то бок, па-падляску. Запісваць іх на літатаратурнай мове ня мае сэнсу, бо гэта ня будзе адпавядаць праўдзе. А нашай беларускай ідэнтычнасьці на Падляшшы ніякім чынам не зашкодзяць падляскія назвы. Наадварот, маючы на ўвазе тое, на якой мове гаворыць пераважная большасьць падляскіх беларусаў, гэты крок можа толькі ўзмацніць нашу беларушчыну. Гэты артыкул можна прачытаць тут.

Мне тады і ў самым кашмарным сьне не магло прысьніцца, што мае таварышы ў змаганьні за лепшую беларускую долю на Падляшшы могуць выбраць яшчэ нешта іншае ў гэтай яснай сытуацыі выбару альбо-альбо: альбо на літаратурнай мове, альбо на падляскай. А яны, аказваецца, выбралі нейкую трэцюю мову, якую мовазнаўцам яшчэ толькі трэба вывучыць і ідэнтыфікаваць.

Па-трэцяе, яшчэ ў лістападзе 2009 я напісаў ліст у Камісію па назвах мясцовасьцяў пры МУСіА, у якім выклаў справу назваў на Падляшшы так, як выклаў яе тут вам. Адна прафэсарка з тае камісіі адпісала мне, што камісія ведае пра цяжкасьці з назвамі на Падляшшы, і дадала, што яна хацела б бачыць мяне як экспэрта пры выпрацоўцы канчатковага рашэньня па гміне Орля. Але потым, відаць, нехта важны ў міністэрстве перадумаў наконт падляскіх назваў. Нікому ў Варшаве не парупіла пракансультаваць гэтае рашэньне са мною.

Безумоўна, можна было б падаць у суд на міністэрства за гэтую прафанацыю беларушчыны ў гміне Орля. І ня выключана, што можна было б гэты суд выйграць, калі не ў Варшаве, дык у Страсбуры. Польскі закон аб меншасных мовах explicite гаворыць, што „вызначэньне дадатковай назвы на мове меншасьці адбываецца згодна з правапісам гэтай мовы”. Згодна з правапісам якой мовы вызначылі „традыцыйныя” назвы ў гміне Орля? Такую мову, як я ўжо адзначыў, яшчэ трэба пашукаць са сьвечкай.

Але справы „Максімюк супраць польскай дзяржавы”, хутчэй за ўсё, ня будзе. Ну бо як жа мне абвінавачваць польскую дзяржаву ў фальшаваньні моўнай спадчыны беларускай меншасьці, калі аб зацьвярджэньні гэтай фальсыфікацыі папрасіла сама зацікаўленая меншасьць, безь відавочнай прынукі з боку дзяржавы?

Тыповая беларуская сытуацыя, праўда? Чалавеку кажуць прыйсьці на ягонае ўласнае павешаньне, а ён ня толькі што не ўцякае куды вочы глядзяць, але і намыленую вяроўку нясе з сабою пад шыбеніцу. Ці такому чалавеку магчыма неяк дапамагчы? Дый ці трэба?

Peršy « Poperedni « Zmiêst » Nastupny » Ostatni
Dodatki » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Zładovati siêty skôp... Упершыню тэкст быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 21 лютага 2011. Тая публікацыя, разам з дыскусіяй наведнікаў сайту, прыкладаецца тут у файле PDF
Objôm » 275,66 KB — 2024-11-25, 11:00
PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Ян Максімюк, Безназоўнае Падляшша
2011-02-21, 12:55
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Ян Максімюк, Безназоўнае Падляшша
2011-02-21, 12:55