Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Пад знакам пілігрымак
Пад знакам пілігрымак
Natisnuti, kob pobôlšyti...

Асьвячэньне пладоў на Спаса ў Кленіках

Аляксандар Максімюк
2009-08-23
Radio Białystok

Летам у чалавека дастаткова часу, каб падацца ня толькі ў далёкае падарожжы па краіне або замежжы, але таксама і зручны час дзеля блізкай пілігрымкі па сваёй старонцы — пілігрымкі ў месца, якое табе блізкае сямейнай гісторыяй і памяцьцю або проста блізкае рэлігійным культам.

Самым значным для нас месцам такога культу зьяўляецца Гара Грабарка. Трапіць на Грабарку 19 жніўня — хоць раз у жыцьці — імкнецца кожны праваслаўны жыхар Падляшша. На Грабарку прыяжджае таксама шмат народу з праваслаўных цэнтраў у замежжы. Некалькі разоў на Грабарку трапіў і я са сваёй сям’ёю. Скажу аднак адразу, што ад веку-прадвеку мае пілігрымкі на Грабарку моцна ўскладненыя і нязручныя — выбіраюся я туды выключна ў пачуцьці абавязку верніка Праваслаўнай царквы.

Дата 19 жніўня — сьвята Праабражэньня Гасподняга або, па-народнаму, Спаса — прывязанае ў маім жыцьці да багаслужбы ў могільнікавым храме ў Кленіках, дзе ў гэты дзень памінаецца памяць продкаў, якія на тамашнім могільніку спачываюць. Такіх важных памінальных дзён у Кленіках агулам два ў годзе: гэта названае Спаса ды другая нядзеля пасьля Вялікадня — нядзеля жанчын-міраносіц. У абодва гэтыя дні сьвятары наведваюць магілы, асьвячаюць іх ды чытаюць малітву за ўпакой душаў, якія знайшлі там свой вечны спачын.

І на Спаса, і на Міраносную нядзелю я сустракаю на кленіцкім могільніку шмат народу, а сярод гэтага народу многа сваіх сяброў і знаёмых, якіх ведаю зь Беластоку, Бельска, Гайнаўкі. Асабліва хочацца адзначыць тут тое, што многа народу валіць у Кленікі на Спаса. Спаса сьвяткуецца паводле зафіксаванай даты і часьцей за ўсё яно прыпадае ў звыклы будны дзень. Людзям дзеля памінаньня продкаў трэба пакінуць у гарадах свае працоўныя абавязкі, а яшчэ раней — трэба наведаць магілы і добраўпарадкаваць іх. Калі вось, за адзін спасаўскі дзень у Кленіках, я сустракаю грамаду сваіх знаёмых і сяброў з розных куткоў Беласточчыны і Польшчы, дык я адчуваю сябе на siêtym prychudśkim prazniku як на велічным фэсьце ў найзнакамітшай сусьветнай мэтраполіі.

Будучы ўжо чалавекам сталага ўзросту, я нават выкаваў на свой прыватны ўжытак прымаўку, што „мая Грабарка знаходзіцца ў Кленіках”. У Кленіках пакоіцца мой род ды з гэтай вёскі паходзіць мая мама. Будучы хлопчыкам я бегаў між магілаў, калі мае бацькі перад Спасам прыводзілі ў парадак магілы продкаў. Цяпер выканаўцам гэтага рытуалу стаў я сам, а між магілаў нядаўна яшчэ бегалі мае малыя дзеткі. Цяпер дзеткі адною нагой стаяць ужо ў даросласьці і завучваюць зь якой сямейнай магілай зьвязаная якая частка нашай сямейнай гісторыі.

На кожнае Спаса я нязьменна шкадую, што толькі маё пакаленьне стала зафіксоўваць на пісьме сямейную памяць і гісторыю, а раней гэта адбывалася толькі ў вуснай форме. Я сам умею расказаць сямейную гісторыю ўсяго чатыры пакаленьні ўзад, на прапрадзедзе мая памяць абрываецца...

Люблю я езьдзіць на гэтыя памінальныя сьвяты, на маю „Грабарку ў Кленіках”. Цікава мне, а таксама і хочацца, паглядзець на людзей, зь якімі я некалі перажываў усе мае будні. Хочацца паглядзець, як хто зь іх прасунуўся ў часе. Пры тым я веру, што і ім цікава ды хочацца ўбачыць мяне.

PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам пілігрымак
2009-08-26, 09:38
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам пілігрымак
2009-08-26, 09:38