На Беласточчыне прайшоў прэзэнтацыйны тур новых кніжак Галіны і Яна Максімюкоў. Літаратар Ян Максімюк расказвае пра сваю „Траву забыцьця”, мову іхных з Галінаю твораў, будучыню падляскае гаворкі, працяг перакладу „Уліса” Джэймса Джойса ды іншыя „лінгвістычныя” праблемы.
„Трава забыцьця” бачыцца адэкватнай мэтафарай для таго сьвету, у якім я некалі жыў
— Сваю новую кнігу вы назвалі „Трава забыцьця” („Trava zabytia”). Што хаваецца пад вокладкай з такою сумнаю назвай?
— Назву я „пазычыў” у расейскага пісьменьніка Валянціна Катаева, які ў 1967 годзе апублікаваў сваё мэмуарна-настальгічнае пад загалоўкам „Трава забвенья”. Праўда, кнігі Катаева я не прачытаў, хоць і браўся, але яе загаловак мне спадабаўся. Калі я часам наведваю свой родны хутар на Падляшшы і бачу, як нашу сядзібу штораз шчыльней акружае малады лес, вакол дзірванее ранейшае поле, а на колішнім лузе буяе дзікая трава, выраз „трава забыцьця” бачыцца мне адэкватнай мэтафарай для таго сьвету, у якім я некалі жыў і прамінаў.
А пад вокладкай „Travy zabytia” чытач знойдзе пятнаццаць кароткіх апавяданьняў пра падляскае дзяцінства і хлапецтва ў 1963-1973 гадах, калі для мяне сонца сьвяціла ярчэй і трава была зелянейшая, чым цяпер. Некалькі загалоўкаў гэтых гісторый, як думаю, дазволяць зарыентавацца ў тэматычнай накіраванасьці і атмасфэры кнігі: „Imena mertvoji movy”, „Sniêžny i morozny zimy”, „Diêdova mara”, „Ni jšło, ni jiêchało, ni pozadi vołokłosie”, „Velikdeń”, „Z temnoji komory pameti”.
— Ці гэтая назва ня толькі пра забыты сьвет вашага вясковага дзяцінства, але і пра пакінутую ў тым сьвеце мову, якая была вашай першай і якую вы мянуеце падляскай?
— Безумоўна, так. Зьнікае наша мова „па-свойму”, якой ажно да ХХІ стагодзьдзя не пашанцавала набыць цямнай пісьмовай формы і якая, здавалася б, сыдзе ў магілу назусім, так і не пакінуўшы па сабе прыкметнага сьледу ў „траве забыцьця”. Мова зьнікае, але ж яшчэ ня зьнікла. „Па-свойму” гавораць на Падляшшы ў чатыры разы болей людзей, чым „па-ліцьвінску”, гэта значыць на гаворках беларускай мовы. Гэта, аднак, малое суцяшэньне, бо, хоць на гаворках літаратурнай мовы гаворыць вобмаль людзей, беларуская літаратурная мова ў нас мае „інфраструктурную падтрымку”: урокі ў школах, перадачы на радыё і тэлевізіі, фінансаваныя дзяржавай выданьні. А з падляскай мовай, якая дагэтуль ня мае ні ўзгодненай назвы, ні ўзгодненага правапісу, сытуацыя намнога больш складаная. Я б сказаў, амаль крытычная.
Падляская мова — ні то жыцьцё, ні то гібеньне
— Неяк вы сказалі, што падляская мова памерла, але яшчэ крыху жывая. Патлумачце, калі ласка.
— Яна спакваля зьнікае ў сваёй жывой і жыватворнай форме, гэта значыць у паўнакроўных вясковых гаворках. У мястэчках бывае па-рознаму: дзе-нідзе на ёй гавораць на вуліцы, а дзе-нідзе ўжо толькі ў сям’і, сярод чатырох сьцен. Можна сказаць так: падляская мова ўжо памерла для будучыні вёскі, бо наша вёска дэмаграфічна апусьцела і наўрад ці адродзіцца (а калі ўсё ж вёска адродзіць чалавечы патэнцыял, то моўна і этнічна будзе ўжо польскай), але мова далей застаецца ў памяці сярэдніх і старэйшых пакаленьняў людзей, якія кінулі вёску для гораду. І ёю пачынаюць цікавіцца ўнукі і праўнукі колішніх вясковых перасяленцаў — якраз таму, што дзяды і прадзеды іх гэтай мове не вучылі. Так што маем моўнае становішча „паміж” — ні то жыцьцё, ні то гібеньне. І тут, як deus ex machina, прыходзяць на дапамогу Галіна і Ян Максімюкі з сваімі ці то рамантычнымі, ці то вар’яцкімі заклікамі: купляйце кнігі па-падляску і чытайце іх разам з унукамі і праўнукамі ў горадзе і мястэчку. Таму выданьне казак Андэрсэна па-падляску мае сымбалічную назву: „Kázki Ándersena dla małých i starých”. У самім тэксьце маем паўсюль націскі ў двухскладовых і даўжэйшых словах, а пад канец кніжкі яшчэ й падляскі слоўнічак.
Мы прадалі каля дзьвюх з паловаю тысяч асобнікаў кніг па-падляску
— Паводле зноў жа вашых словаў, у сытуацыі, калі жывых носьбітаў мовы вашага дзяцінства ўжо практычна не засталося, вы бачыце сваю задачу ў тым, каб пакінуць нашчадкам корпус літаратуры па-падляску. Але ці будуць чытачы?
— Такім самым чынам „існуе” і беларуская мова ў нас — ужо дзесяцігодзьдзі тры як мінімум: у корпусе літаратуры па-беларуску і ў мэдыя беларускай меншасьці, а не на вёсцы сярод жывых носьбітаў. Наконт таго, колькі чытачоў сёньня ў нас зможа прачытаць кніжку па-беларуску кірыліцай, я ня буду лішні раз выказвацца, бо мае ацэнкі моцна пэсымістычныя і наагул выклікаюць злыя эмоцыі сярод тых журналістаў, якія лічаць, што трэба вучыць нашы маладыя пакаленьні толькі літаратурнай мове ў кірыліцы, а ніякая падляская мова нікому ня трэба ні ў радыё, ні на паперы. Скажу пра досьвед распаўсюду сваіх і жончыных кнігаў па-падляску. Калі збольшага палічыць тое, што нам удалося прадаць (прадаць, а не раздаць задарма, як бывае з кнігамі па-беларуску, прафінансаванымі зь дзяржаўных грантаў), то атрымаецца лік 2300-2500. Я маю на ўвазе кнігі, якія я фінансаваў са свае кішэні: „Čom ne po-svojomu?”, „Kazki po-svojomu”, „Kázki Ándersena dla małých i starých”, „Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)”, „Słova na viêtrovi”, „Ne može byti!”, „Pudlaśkie słovo na kažny deń”, „Môj bôj”, „Trava zabytia”. (Два выданьні казак я аплаціў разам з маладымі сябрамі-тэатраламі Асяй і Міхалам Троцамі).
Я лічу гэты вынік выдавецкім посьпехам сярод чытацкай публікі ў беларускай меншасьці, якая на Падляшшы налічвае ня болей чым 40 тысяч чалавек. Грошай, якія я ўклаў у аплату друку гэтых выданьняў, я сабе не вярнуў у 100%, але недзе 80% вярнулася. Пра нейкія ганарары я і не кажу: тут чыстае „падзьвіжніцтва”. Гэта маё hobby — выдаваць кнігі па-свойму і сустракацца зь людзьмі, якім яны патрэбныя. Я ўдзячны лёсу, што дажыў да часу, у якім людзі купляюць кнігі на мове майго дзяцінства (ну і сталага веку, бо ж гэта мая сямейная мова), а мая жонка піша на гэтай мове цудоўна-шчымлівыя і змрочна-страшныя гісторыі. Ну і яшчэ ж увесь час працуе „выдавецкі станок” Дарафея Фіёніка ў Бельску, які за сваё жыцьцё выдаў паўсотню кніг, і палову зь іх часткова або цалкам па-падляску. У яго наклады не такія сьціплыя, як у нас з Галінай: Дарафей ніжэй 500 асобнікаў не апускаецца. Так што вось вам адказ, ці варта працаваць выдаўцу кніг па-падляску і ці знойдзе ён чытачоў і пакупнікоў.
Пяць аўтараў па-падляску — гэта сама менш палова беларускага літаратурнага пісьменства ў Польшчы
— Кажуць, што падляскаю мовай цяпер ёсьць літаратурныя творы пяцёх аўтараў. Але на нядаўніх прэзэнтацыях вашай кнігі і новай кнігі вашай жонкі Галіны былі людзі, якія выявіліся невядомымі да гэтага шырокай публіцы падляскамоўнымі паэтамі і празаікамі. Што гэта за людзі? Адкуль яны бяруцца, калі па-падляску не гавораць ужо два пакаленьні?
— Цяпер і дзейных аўтараў па-беларуску на Падляшшы не набярэцца болей за пяць чалавек. Гэта я кажу не з пачуцьцём Schadenfreude, а каб даць прыблізнае ўяўленьне пра наш пісьменьніцка-інтэлектуальны патэнцыял на Падляшшы. Таму гэтыя пяць аўтараў па-падляску — гэта сама менш палова беларускага літаратурнага пісьменства ў Польшчы. Але ўвесь час усім вядома, што ёсьць у вёсках і мястэчках Падляшша людзі старэйшых і старых пакаленьняў, якія паціху пішуць „па-свойму” пра той сьвет, які яны бачаць вакол сябе. Ніхто зь беларускіх журналістаў у Беластоку імі сур’ёзна не цікавіцца, ня кажучы ўжо пра тое, каб заахвочваць да такой „хатняй” творчасьці і публікаваць яе. Ну дык яны са сваімі тэкстамі „пайшлі да ўкраінцаў” — калі Падляскі навуковы інстытут (арганізаваны ўкраінцамі) заявіў пра конкурс „Pišemo po-svojomu”, чалавек дваццаць з гмінаў, якія нашы журналісты лічаць „сваімі”, то бок беларускімі, паслалі свае тэксты на той конкурс. Я пытаю нашых беластоцкіх змагароў за беларускасьць у Польшчы: „Хлопцы, што вы на гэта? Гэта ўжо ня вашы людзі? Яны ж гавораць і пішуць на мове, на якой гаварылі вашы дзяды і прадзеды. Чаму вы іх ня хочаце? Чаму вы ня хочаце гаварыць па-свойму ў сваіх радыё- і тэлеперадачах да гэтых людзей?” Такія людзі прыходзілі на нашы з Галінай аўтарскія сустрэчы ў Дубічах Царкоўных і Орлі. І чыталі нам вершы „па-свойму”, бо бачылі ў нас паплечнікаў — людзей, якія хочуць, каб падляская мова жыла і пасьля нашай сьмерці. Вось бачыце, якая chiernia ў нас атрымліваецца з разуменьнем „свайго” і „несвайго” на Падляшшы...
Чытайце кніжкі Галіны Максімюк
— У Беластоку на чытацкай сустрэчы з вамі і спадарыняй Галінай была сямейная пара, якая расказала, што іхная дачка-паліглётка закідае ім, чаму не навучылі яе гаварыць „po-svojomu”. І пыталіся, дзе ўзяць для яе слоўнікі і падручнікі падляскае мовы? Што вы ім і іншым ахвотным вучыць мову дзядоў і прадзедаў можаце параіць?
— Разьлічваць на тое, што нехта прачнецца ў Беластоцкім унівэрсытэце і напіша падручнік падляскай мовы або складзе нейкі падляскі слоўнік, не выпадае. У Беластоцкім унівэрсытэце былі некалі і Катэдра беларускай культуры, і беларуская філялёгія, але яны даўно сканалі празь незацікаўленасьць студэнтаў. Прычын сыходу ў магілу гэтых навуковых структураў было некалькі, але адна зь іх — нулявы вынік, што тычыцца зацікаўленасьці падляскімі гаворкамі, якія лічацца роднымі для 70% падляскіх беларусаў. Беластоцкія навукоўцы цікавіліся перад усім тым, што пішуць менскія літаратары і менскія філёлягі, а для тых людзей, якія пішуць па-свойму недзе ў Арлянскай ці Дубіцкай гмінах, не зрабілі нічога. Гэта не адзіны прыклад таго, як падляскія беларусы самі сябе сьпіхваюць у магілу, але ён самы красамоўны. „Наша эліта” так і не пацікавілася, а на якой жа насамрэч мове гаворыць „яе народ”, і не зрабіла ніякіх высноваў са сваёй сапраўднай сытуацыі. Што тычыцца нашых падляскіх студэнтаў, дык іх наагул не цікавіла (і не зацікавіць) тое, што і як пішуць у Менску. Гэта гучыць жорстка, я ведаю, але ня трэба мець ілюзій наконт таго, што Беларусь (каго і што б мы пад гэтым паняткам ні разумелі) будзе мець нейкі выратавальны і дабратворны ўплыў на беларусаў Падляшша. Jeder stirbt für sich allein, як кажа Ганс Фаляда. Наконт „слоўнікаў і падручнікаў”. Магу падказаць (і заўсёды ўсім падказваю) тое, што зрабіў і раблю я, лексыкограф-аматар: польска-падляскі онлайн-слоўнік на старонцы Svoja.org. Тамака цяпер 13 тысяч слоўных артыкулаў, і праца пачала паволі прасоўвацца ўперад, паколькі я цяпер „беспрацоўны” пэнсіянэр. І наагул я раю ўсе тэксты на Svoja.org. Па іх можна навучыцца прыстойна чытаць і пісаць па-падляску. Чытайце таксама кніжкі Галіны Максімюк. Яны на сёньняшні дзень — узор мастацкага тэксту і літаратурнай лексыкі ў падляскай мове. У маёй жонкі празрысты і „немудрагелісты” стыль — яе кнігі могуць быць і падручнікамі мовы. Дадам толькі, што ня ўсе яе апавяданьні можна рэкамэндаваць як чытаньне для малодшых школьнікаў — там ёсьць і рэчы выключна для старшых школьнікаў і для зусім старых.
Vania, ty hołova barania, treba zrobiti tak i tak
— Слоўнікі і падручнікі мусяць мець нейкія навуковыя стандарты. Выглядае, што да гэтага ніхто такімі рэчамі не займаўся. Хто і як цяпер іх вызначае ці будзе вызначаць?
— Калі мяне пытаюць, а як жа я, фізык па адукацыі, заняўся „лексыкаграфіяй” і „лінгвагеаграфіяй” Падляшша, і ці хапае ў мяне клёку для гэтага, я адказваю: фізык можа напісаць нешта ўцямнае пра мову і без фармальнага ўнівэрсытэцкага дыплёма моваведа або філёляга. А вось адваротнага ў гэтым сьвеце не назіраецца: дыплямаваныя мовазнаўцы і філёлягі не публікуюць артыкулаў у часопісах для фізыкаў. Самаадукацыя ў фізыцы практычна немагчымая. Гэта вам першая частка майго адказу пра стандарты майго hobby. У рамках сваіх заняткаў падляскай мовай я пабываў на некалькіх лінгвістычных канфэрэнцыях на Захадзе і апублікаваў некалькі артыкулаў пра сваю мову ў зусім сур’ёзных кніжных выданьнях навуковых выдавецтваў, якія прытрымліваюцца сур’ёзных навуковых стандартаў заходняй лінгвістыкі. Таму мяне не бянтэжыць сытуацыя, калі нехта глядзіць на мяне як на аматара ў фанэтыцы з фаналёгіяй ці ў складаньні слоўнікаў. Тое, што мне трэба для свайго занятку, я „падцягнуў” самастойна за апошнія пятнаццаць гадоў. Зразумела, было б пажадана і проста цудоўна, калі б на тое, што я раблю, зірнуў спрактыкаваным вокам нейкі мовазнаўца і сказаў сваё слова. Але нашых падляскіх мовазнаўцаў і філёлягаў падляская мова, як я адзначыў раней, не цікавіць ні каліва. А мовазнаўцаў у Менску? Хрэн ведае, можа й цікавіць. Але ніхто адтуль за апошнія пятнаццаць гадоў не падаў ні зыку, што моўныя праблемы майго Падляшша яму цікавыя. Пагатоў цяпер ніхто не рызыкне азвацца... Апошнія пятнаццаць гадоў я адпрацаваў у рэдакцыі Радыё Свабода, сярод знакамітых калегаў зь філялягічнымі і мовазнаўчымі дыплёмамі і з дыплёмамі іншых гуманітарных навук. Было ў каго пытацца і пра „фаналёгію з марфалёгіяй”, і пра „філялёгію з філягенэзам” (дый і далей такая магчымасьць ёсьць). І, пакуль жыў Фёдар Клімчук, я пытаўся ў яго. Той, хто ня робіць памылак у жыцьці, наагул нічога ня робіць, кажа мудрая прымаўка. Калі я адчуваю, што вось-вось зраблю нейкі ляпсус або ўжо зрабіў яго, я пытаюся ў Сяргея Шупы. І ён мне падказвае: Vania, ty hołova barania, treba zrobiti tak i tak.
Вяртаньне да перакладу „Ўліса” — асалода для мяне
— Ну і ня можам не задаць вам крыху, магчыма, падступнае пытаньне. Пару месяцаў таму вы напісалі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што заселі за працяг перакладу „Ўліса” Джэймса Джойса. Першая частка яго, ператлумачаная вамі па-беларуску, насалоджвала густы літаратурных гурманаў яшчэ трыццаць гадоў таму. Што можаце паабяцаць ім наконт працягу задавальненьня?
— Вяртаньне да перакладу „Ўліса” — гэта, перш за ўсё, асалода для мяне. Як я затужыў па такім занятку — наўрад ці магчыма гэта выказаць словам! Прафэсійная праца журналіста ў будныя дні і „філялягічна-лексыкаграфічная аматаршчына” ў суботы і нядзелі цягам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў настолькі высмоктвалі маю энэргію і запаўнялі час, што не было ніякай ахвоты вяртацца да Джойса. Цяпер ахвота зьявілася. Я ўжо на перакладчыцкім „разагрэве”, вучу лексыку і сынтаксыс мовы статутаў ВКЛ ды „Тараса на Парнасе” і „Энэіды навыварат”, каб адэкватна перакласьці адзін стылістычна і лексычна дрыгвяністы прамежак падарожжа Джойсавага Адысэя-Ўліса...