Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Artykuły » Сонька, Зьміцер і крыху эротыкі на тле падляскага стагодзьдзя
Сонька, Зьміцер і крыху эротыкі на тле падляскага стагодзьдзя
Natisnuti, kob pobôlšyti...

Жыцьцё ў падляскім сьвеце цягам некалькіх пакаленьняў радыкальна не мянялася...

Зося Сухавей
2022-06-05
Радыё Свабода

Прамінулаю халоднаю вясною выйшла новая кніга Галіны Максімюк «Словы на ветры». Яна з посьпехам была прэзэнтаваная ў родных мясьцінах аўтаркі — на Беласточчыне, а праўдзівей — на Падляшшы. Яно і зразумела, бо гэтую кнігу можна назваць штодзённай гісторыяй жыцьця землякоў спадарыні Галіны праз цэлае дваццатае стагодзьдзе. Гісторыяй краю ў прыватных лёсах канкрэтных людзей.

Раман у апавяданьнях

У пасьляслоўі аўтарка піша, што новая кніга ўзьнікла паводле расповедаў пра былое яе блізкіх: дзядоў, бацькоў, цётак, кузынаў, знаёмых. Жыцьцё і зьвязаныя зь ім праблемы ў падляскім сьвеце цягам некалькіх пакаленьняў радыкальна не мяняліся. Асабліва ў жаночых лёсах. Дзяўчаты змушаныя былі жыць спачатку воляю бацькоў, а потым мужоў, сьвёкраў, а на старасьці — дзяцей. Дый мужчынскія жыцьцяпісы мала разнастаіліся: цяжкая праца на гаспадарцы, бацькоўскай ці ўласнай, рабіла іх ад малалецтва засяроджанымі на праблемах стварэньня нейкага мінімальнага сямейнага дабрабыту. Зацікаўленьні зазвычай не выходзілі за межы ўласнага падворка і роднае вёскі.

У аднастайных жыцьцёвых сюжэтах, якія ў галоўным паўтараліся ў кожным пакаленьні, аўтарка знайшла цікавінкі, якія дазволілі ёй па-мастацку стварыць пятнаццаць непаўторных гісторый. Кожная зь іх ляканічна напісаная і ярка высьвечвае нейкі адзін бок жыцьця яе герояў. Разам жа яны ўтвараюць вялікую панараму падляскае гісторыі дваццатага стагодзьдзя. І кнігу можна з поўным правам назваць раманам, раманам у апавяданьнях. Пры тым што ў кожным новым мы пазнаем падрослых дзяцей герояў папярэдніх гісторый. І так расповеды пра герояў новых пакаленьняў фактычна ператвараюцца ў гісторыю адной сям’і. Раман адной сям’і.

Сьмерць і каханьне

«— Зьміцер, не ўмірай! — галасіла Сонька, седзячы пры ложку мужа і трымаючы яго за рукі. — Як я застануся тут адна з хлопцамі? Не дамо рады, гаспадарка завялікая».

Так пачынаецца гэтая кніга, задаючы ёй лейтматыў і тон. Дынамічная мова і дакладна вывераныя дэталі ствараюць уражаньне рэальнае прысутнасьці чытача ў апісаных сцэнах сьмерці, пахаваньня і далейшага жыцьця галоўнае гераіні. Яно ж раптам аказваецца зусім інакшым, чым, здавалася, будзе. Да маладое ўдавіцы прыбіваецца ў прымы новы муж. Сам гультаяваты, ён жорстка ганяе да працы пасынкаў. Тыя ж яго ня слухаюць. Асабліва неўзьлюбіў айчыма старэйшы. І аднойчы маці знаходзіць яго скінутым з вышак на ток у адрыне. Сын пасьпявае распавесьці ёй, хто яго саштурхнуў уніз галавою, і памірае. А маці даруе забойцу і нараджае зь ім тры дачкі.

Сьмерць і каханьне ў самых розных варыяцыях прысутныя і ў іншых аповедах. Варажба, чараўніцтва, заклёны мяшаюць зь зямлёю шчасьце маладых бацькоў, зьнішчаюць будучыню дарослых дзяцей, ператвараюць у пекла астатнія дні старых. Пушчанска-балотны край поўны зласьліўцаў, і іхнія цёмныя справы аўтарка малюе эмацыйна і напружана, укручваючы чытача ў вір падзеяў. І ўжо немагчыма адарвацца ад змроена замарочнае слоўнае павуты, спрабуючы адгадаць, як тая зямля з могілак, якую прынесла суперніца да шлюбу нарачоных, магла паўзьдзейнічаць на лёсы іх будучых дзяцей.

Эротыка і немцы

Гераіні аповедаў Галіны Максімюк найчасьцей абдзеленыя пяшчотай сваіх мужоў. Цяжкая праца робіць іх мэханічнымі выканаўцамі ролі прадаўжальнікаў свайго роду. Пра ўзьнёслае каханьне паміж сужэнцамі гаворкі амаль ня йдзе. Дый як магло быць іначай у сытуацыях, калі яны браліся шлюбам не з каханымі, а з тымі, каго сынам і дочкам выбіралі бацькі, не дапускаючы пярэчаньняў.

«Я хуценька распранулася і адно ў тоненькай кашульцы легла каля яго. Барыс абняў мяне, пацалаваў у шчоку, потым задзёр маю кашульку, лёг на мяне, я разлажыла ногі: шась-прась і па ўсім. І нічога я не адчула, акрамя лёгкага болю, калі ён мяне ўзяў. Толькі штось цёплае пацякло па сьцёгнах. Барыс адкінуўся набок і неўзабаве стаў храпці. А я не магла заснуць. — І тое ўжо ўсё? — думала я сабе. — Цэлая любоў?..?»

Бывала, праўда, што жыцьцё ўзнагароджвала недалюбленых жонак, як у апавяданьні «Гуляла-гуляла». Ягоны сюжэт пабудаваны на ўспамінах старое кабеты пра свае прыгоды, калі так можна сказаць, у часе другой усясьветнай вайны. Яе, маладую ды прыгожую, вучыць мастацтву каханьня нямецкі салдат з пастаўленага ў вёсцы гарнізона. З кожным новым заняткам яна проста дзіву даецца, як цудоўна сябе пачувае ў працэсе тае «навукі». І не яна адна. Іншым маладым жанкам таксама немцы загадалі прыбіраць па чарзе ў хаце, дзе кватаруюць, і гатаваць ім ежу. На тым, як бачым, абавязкі маладзіц не канчаюцца, але гэты дадатак да асноўнага жанчыны ўспрымаюць, наўзьдзіў сабе, з прыемнасьцю. Чаго з роднымі мужамі ніколі ня мелі і ня мецьмуць.

Партрэты

Кожнага са сваіх герояў пісьменьніца праводзіць праз сытуацыі, якія выяўляюць ягоны псыхалягічны партрэт. Але яна заўжды ня скупіцца і на вонкавае апісаньне. Калі то дзяўчына, то найчасьцей блакітнавокая, з русяваю касой, станам танюткая і рухам зграбная. Хлопцы ж паўстаюць на старонках кнігі высокімі, вясёлымі, пеюнамі ды танцорамі. Аўтарку замілоўвае архетыповы вобраз сваіх землякоў. І яна гэтага не хавае.

Вэрбальная характарыстыка дапаўняецца візуальнаю. Да кожнага аповеду зьмешчаныя старыя фатаздымкі, якія яшчэ больш змушаюць верыць у літаратурную і жыцьцёвую праўду «Словаў на ветры». Чорна-белыя выявы жыхароў сучаснае паўночна-ўсходняе Польшчы паказваюць іх годныя паставы, адкрытыя і гордыя твары, унутраную вытрываласьць і непарушную повязь з роднай зямлёй. Вонкавыя абрысы гэтых людзей, будзь то хлапчукі-падшпаркі з упарта зьведзенымі вуснамі ці то расквітнелыя ўсьмешлівыя твары дзяўчатак, задзірыстыя погляды маладых вайскоўцаў ці іранічныя прыжмуры іх цывільных раўналеткаў, спакойныя твары сталых кабетаў ці мудрыя зморшчыны ў куточках вачэй падхорцістых дзядоў, — усе яны прыцягваюць да сябе ўнутранай разьняволенасьцю і самадастатковасьцю.

Эпіграфы

Кніга шчодра ўсыпаная эпіграфамі. Яны — асобная тэма ў гэтым рамане. У ёй фрагмэнты твораў Уільяма Шэксьпіра, Івана Буніна, Бэрнарда Шоў, Робэрта Фроста, Дэвіда Кэмпбэла, Кіта Лорэнца, Гэлен Роўланд і Дылана Томаса, падляскіх народных песьняў. Выбар і пераклад зрабіў Ян Максімюк, тым самым зьвязаўшы кнігу сусьветным літаратурным кантэкстам. Сьмелы крок.

Мова

«Слова на ветры», як і дзьве папярэднія кнігі Галіны Максімюк, напісаныя «по-свойму». Падляскаю мовай. Сумнявацца ці сьцьвярджаць яе самастойнасьць у сусьветным шматмоўі — то справа лінгвістаў. Мне ж тут хацелася толькі адцеміць, што чытаць кнігу, напісаную «па-свойму», было як пакаштаваць яшчэ адзін гатунак любімага зь дзяцінства малочнага марозіва. Усе смакі знаёмаю асалодаю расплываюцца ў роце, а нос улоўлівае новы дадатковы водар. Лацініца ніяк не замінала звыкламу да кірыліцы чытачу разумець тэкст, памяць паслужліва падсоўвала асобным словам рэгіянальныя адпаведнікі мовы майго дзяцінства на Меншчыне. Блізкая яна аказалася да Падляшша. Блізкая і зразумелая. Наша.

PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Зося Сухавей, Сонька, Зьміцер і крыху эротыкі на тле падляскага стагодзьдзя
2022-07-26, 10:47
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Зося Сухавей, Сонька, Зьміцер і крыху эротыкі на тле падляскага стагодзьдзя
2022-07-26, 10:47