Памяці Марыі Базылюк (1959-1996)
разам зь якой мы змагаліся за лепшую беларускую долю
1.
Марыля Базылюк нарадзілася ў 1959 годзе, на год пазьней за мяне. Яна, як і я, выхавалася на хутары. Калісьці даўно-даўно мне думалася, што ейны хутар належыць да нашай вёскі — Ляхоў. Гэтая думка зьявілася недзе ў палове 1960-х, калі мы зь вясковымі сябрукамі выбраліся з gvjazdoju калядаваць да людзей у Марыліну ваколіцу. Марыліну мясьціну ўсе ў нашай вёсцы называлі Obezianovom, але я й да сёньня ня ведаю, чаму. Помніцца, што нехта з маіх аднагодкаў падчас таго калядаваньня выказаў думку, што Obezianovo — гэта частка Ляхоў, як і мая Struha. Адно што ад Ляхоў да Obezianova было далекавата — бадай ці ня два кілямэтры, а да маёй Struhi — менш за кілямэтар.
Мабыць, na Ruzdvo ў далёкіх 1960-х, мы і ўбачыліся з Марыляй і яе братам, Сьцёпкам, упершыню. Я зь сябрукамі сьпяваў „Рожджэство хрыстово, ангел пролетел...”, а яны слухалі, седзячы недзе каля печкі ў вялікім пакоі (na chati), дзе стаяла ёлка і было застольле. Ці хадзілі яны калядаваць у сваім Obezianovi? Я ня помню, каб яны прыходзілі ў Ляхі. У кожным разе, наша сапраўднае знаёмства адбылося ўжо ў гарадзкім краявідзе.
Сям’ю Марылі і Сьцёпкі людзі называлі Viktorovymi — мабыць, ад імя іхняга дзеда або прадзеда. Іхні бацька, здаецца, зваўся Сьцяпан. Пра бацьку казалі, што ён езьдзіць па сьвеце. Ён быў majstior, ставіў людзям дамы і ў сваім уласным доме бываў рэдка. Vołočytsia, казалі пра яго з асуджэньнем людзі ў Ляхах. Марылю і Сьцёпку выхоўвала мама.
Марыля, а потым Сьцёпка, сталі хадзіць у школу ў Кленіках, ну а мы, дзеці зь Ляхоў, хадзілі ў Гародчына. Тады, відаць, я стаў спакваля разумець, што Obezianovo — гэта ўсё-ткі Кленікі, а не Ляхі.
2.
Дык вось, аказваецца, што можна пражыць адно побач аднаго гадоў дваццаць ды так і не сустрэцца па-сапраўднаму. Як з Марыляй, так і Сьцёпкам, зь якімі я пражыў сваё дзяцінства і юнацтва „амаль у адной вёсцы”, мы па-сапраўднаму сустрэліся і пазнаёміліся толькі ў Варшаве, у незабыўным 1981 годзе.
Сьцёпка, які тады быў на першым курсе Беластоцкай палітэхнікі, прыехаў у Варшаву разам зь сябрам, Ванем Лемешам з Кашалёў, калі яны дачуліся, што ў варшаўскіх вучэльнях людзі зь Беласточчыны сталі арганізоўваць Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў (БАС). Гэта, мабыць, было ў траўні або чэрвені 1981 г. Сьцёпка і Ваня заснавалі арганізацыйны камітэт БАС-у ў Беластоку. І прыехалі ў Варшаву, у студэнцкі інтэрнат на вуліцы Жвіркі і Вігуры, дзе я тады жыў, каб абмеркаваць далейшую стратэгію і тактыку.
З Марыляй, якая тады была на трэцім курсе беларускай філялёгіі, мы сустрэліся летам 1981-га, калі яна вярнулася з Масквы. Паводле лёгікі таго часу, студэнты беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту выяжджалі на паўгоду ў Маскву — каб авалодаць правільным произношением общепонятного. Неяк у Менск іх высылаць не даўмеліся.
Тады, на летніх вакацыях 1981 году, Марыля і Сьцёпка некалькі разоў прыяжджалі трактарам са свайго хутара на мой, каб абмеркаваць справу рэгістрацыі БАС-у і будучыню толькі што высьпеленага беларускага студэнцкага руху ў Польшчы. Нам усім ня надта падабалася афіцыйная беларускасьць, якую прадстаўлялі Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) і „Ніва”. Ужо тады, паводле ўлюбёнага выразу Лёніка Тарасэвіча, тая беларускасьць моцна пахла нафталінам.
„Першага БАС-у” летам 1981-га не зарэгістравалі, але гэта ня вельмі каб засмуціла. Мы вярнуліся на свае факультэты ў кастрычніку і неўзабаве зладзілі першую беларускую студэнцкую вандроўку па роднай зямельцы, у Кнышынскую пушчу. Гэта была супольная варшаўска-беластоцкая імпрэза. На ёй была і Марыля.
Потым Марыля „зьнікла” з маіх варшаўскіх даляглядаў. У краіне ўвялі ваеннае становішча, пэрыяд вольніцы ў студэнцкім жыцьці закончыўся, мне трэба было вяртацца да ўнівэрсытэцкіх заняткаў і думаць, як напісаць дыплёмную працу і скончыць сваю фізыку. Толькі празь нейкі час дайшла да мяне чутка, што Марыля нарадзіла сына, Міхася.
Я не належаў ажно да так блізкіх знаёмых Марылі, якія маглі б запытацца ў яе наўпрост, хто быў бацькам і таму падобнае. А пытацца ў знаёмых, якія ведалі ці маглі б ведаць, я не даўмеўся або не захацеў. Пэўна, як шмат хто іншы з маіх варшаўскіх знаёмых, і я тады думаў, што Марылі давядзецца ў жыцьці нялёгка, ну бо вядома, якое ў нашым мужыцкім народзе стаўленьне да дзевак зь няшлюбнымі дзецьмі. Я тады не дацэньваў, ці проста ня ведаў, сілы Марылінага характару. Яна ня толькі што не разгубілася і закончыла ўнівэрсытэт, але і вярнулася пасьля ўнівэрсытэту жыць туды, адкуль выйшла — у Кленікі. Каб вучыць кленіцкіх дзяцей беларускай мове.
3.
Марыля напісала дыплёмную працу пра Яўгена Хлябцэвіча, дзеяча беларускага адраджэнскага руху нашаніўскага пэрыяду, лёс якога зачапіў і Кленікі, яе родную вёску.
Кленікі — найбольшая вёска ў нашай ваколіцы. У 1960-я, калі вёска яшчэ жыла паўнакроўным жыцьцём, у ёй было больш за 200 двароў. А калі далічыць усе навакольныя хутары (koloniji), дык, пэўна, больш за 300. У гэтай вёсцы і я калісьці пачуваў сябе даволі свойска, таму што з Кленікаў паходзіць мая мама, і ў ёй жыла ня толькі мая бабуля, але і мае дзядзькі і цёткі (маміны браты і сёстры) ды іншыя сваякі. Часам, пасьля багаслужбы ў кленіцкай царкве, перш чым вярнуцца ў Ляхі, мы з мамай ішлі na posidiênki ў тую частку Кленік, якая называецца Zahať, дзе жыла мая бабуля. У 1960-х і 1970-х я ведаў шмат каго з маіх аднагодкаў у Zahati.
У 1887-1915 гг. бацюшкам у кленіцкай парафіі быў Іван Хлябцэвіч са Слонімшчыны. Ягоны сын, Яўген Хлябцэвіч (нар. 1884 г.), правёў у Кленіках сваё юнацтва і маладосьць ды наведваўся да сям’і на летнія вакацыі, калі стаў вучыцца ў Вільні і Пецярбургу. Гэта ён першы ўставіў Марыліну (і маю) родную старонку ў беларускі кантэкст. У 1907-1913 гг. ён зьмясьціў у віленскай „Нашай Ніве” шмат допісаў з паведамленьнямі аб жыцьці і падзеях у Кленіках ды іншых навакольных вёсках Бельскага павету, падпісваючы іх найчасьцей як „Халімон з-пад пушчы” (на жаль, мне не ўдалося знайсьці ніякай згадкі пра мае Ляхі ў ягоных карэспандэнцыях у „Нашу Ніву”).
Сям’я Хлябцэвічаў несумненна выконвала ролю культуртрэгераў у наскрозь мужыцкіх Кленіках. Бацюшка Іван Хлябцэвіч заснаваў у вёсцы чытальню імя Фларэнція Паўлянкова — гісторыкі падлічылі, што пасьля сьмерці гэтага расейскага выдаўца таннай кніжкі ў 1900 г., у вёсках і сёлах Расейскай імпэрыі адчыніліся каля дзьвюх тысяч чытальняў ягонага імя. А Яўген Хлябцэвіч арганізаваў найбольш кемлівых і пісьменных жыхароў Кленік у вясковы драмгурток, які ў 1909 годзе падрыхтаваў пастаноўку камэдыі Івана Карпенкі-Карага (1845-1907) „Разумны і дурань”. Кленіцкія ліцадзеі нават хадзілі пехатою ў Бельск (напрасткі 20 кілямэтраў), каб паказаць свае вясковае ўмельства мяшчанам.
Чаму ж тады Кленікі не запісался залатымі літарамі ў гісторыі беларускага тэатру? Нагадаю, што група Ігната Буйніцкага, якога ўсе лічаць заснавальнікам беларускага тэатру, узьнікла ў 1907 г., а стала шырэй вядомай у Беларусі ў 1910 г. А тут Кленікі ў 1909... Аднак Кленікі не заслужылі нават кароткай спасылкі ў гэтай тэатральнай гісторыі.
Справа ў тым, што Карпенка-Кары — украінскі пісьменьнік, і ягоную п’еску кленіцкія акторы завучвалі на памяць па-ўкраінску. Ну, можа, не зусім па-ўкраінску, бо мне цяжка ўявіць, што мае землякі вымаўлялі канчаткі інфінітываў цьвёрда (chodyty), „ікалі” (kiška, а ня kôška; vikno, а не okno), або на busła казалі čornohuz ці łełeka. Тым ня менш, беларускі тэатар на Беласточчыне пачынаўся менавіта з украінскага нацыянальнага рэпэртуару.
Яўген Хлябцэвіч паслаў допіс пра тую пастаноўку ў „Нашу Ніву”. Віленская газэта, не зусім каб разьбіраючыся ў моўна-геаграфічнай сытуацыі нашага Падляшша, павіншавала кленіцкіх жыхараў з прабуджэньнем украінскай нацыянальнай сьвядомасьці, у чым, дадалі рэдактары, дапамог ім прадстаўнік братняга беларускага народу. Але наўрад ці сам аўтар допісу лічыў кленіцкіх людзей украінцамі, нават несьвядомымі. Брат Яўгена, Уладзімір, які таксама пражыў ладны кавалак часу ў Кленіках, пакінуў пісьмовае сьведчаньне, што Хлябцэвічы ўсё ж схіляліся лічыць падляшукоў беларусамі: По национальности трудно сказать, к какому определённому элементу они относились: по языку их можно было отнести к белорусам, но по наружности они на белорусов не совсем походили. Это может быть были потомки ятвягов, живущих на левом берегу Нарева, а может быть, и других народов1.
У тым фрагмэнце сваёй магістарскай працы, які Марыля апублікавала ў „Беларускім календары” БГКТ за 1989 год, кленіцкая пастаноўка згадваецца, але вышэй прыведзеныя „ўкраінскія” дэталі адсутнічаюць. Я не зьдзівіўся б, калі б яны адсутнічалі і ў арыгінальнай вэрсіі працы, якую Марыля напісала пад кірункам доктара Аляксандра Баршчэўскага. Рэч у тым, што ўжо ў 1982 годзе, усяго год пасьля нараджэньня беларускага студэнцкага руху ў Польшчы, частка падляшукоў адкалолася ад БАС-у, перафармуляваўшы сваю нацыянальную тоеснасьць зь беларускай на ўкраінскую. У першай палове 1980-х гэтая „ўкраінская схізма” сур’ёзна пагражала паралічам маладому беларускаму руху. Нічога дзіўнага, што пасьля „разводу” гэтых дьвюх студэнцкіх плыняў дзесьці каля 1984 году, існаваньне „падляскай украінскасьці” замоўчвалася ды ігнаравалася на публічных беларускіх форумах. Сказаць у той час публічна, што ў Кленіках у 1909 годзе паставілі п’есу ўкраінскага пісьменьніка, значыла б аддаць украінцам бяз бою вельмі важны пункт у ціхім змаганьні за „нацыяналізацыю” праваслаўнага жыхарства на Падляшшы.
4.
Летам 1989 году, неўзабаве пасьля чэрвеньскіх парлямэнцкіх выбараў, якія запачаткавалі імгненны сыход ня толькі польскага, але і ўсходнеэўрапейскага камунізму ў магілу, я ўпершыню паехаў у Беларусь. Я паехаў разам з Марыляй Базылюк і яшчэ дзясяткам настаўніц і настаўнікаў беларускай мовы зь Беласточчыны. Як мне цяпер здаецца, для Марылі гэта было таксама першае падарожжа ў Беларусь.
Гэткія выезды на месячныя курсы павышэньня кваліфікацыі ў Менскі пэдагагічны інстытут афармляліся для настаўнікаў праз БГКТ у Беластоку. У маім жыцьці тады якраз здарыўся „БГКТ-оўскі эпізод” — у верасьні 1988 году, перад чарговым зьездам таварыства, я пачаў працаваць гэтак званым інструктарам БГКТ, а пасьля зьезду стаў нават сакратаром арганізацыі. Аднак вясною 1989 году я пакінуў гэтую „намэнклятурную” пасаду ў БГКТ і пайшоў працаваць журналістам у „Ніву”. З настаўнікамі ў Менск я паехаў як кіраўнік групы і апякун з боку БГКТ, паводле ранейшай дамоўленасьці.
Як шмат іншых нашых знаёмых, якія ў той час наведаліся ў Менск, і мы з Марыляй былі шакаваныя тым, што там НІХТО на вуліцы не гаворыць па-беларуску, і што было яшчэ горай, — чалавек меў сьцішнаватае ўражаньне, што БОЛЬШАСЬЦЬ МЕНЧУКОЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЎВОГУЛЕ НЕ РАЗУМЕЕ.
Мне прыгадваецца абурэньне Марылі, калі яна мне распавядала, што хацела ў Менску купіць свайму Міхасю сшыткі, але не магла дагаварыцца ў краме, бо там па-беларуску яе элемэнтарна не разумелі, а па-расейску яна прынцыпова не хацела гаварыць. „Maks, vony ne viêdajut, što to сшытак!!” — казала Марыля сваім высокім, пісклявым голасам. „U nas na Biłostôččyni lude tože ne viêdajut, što to takoje. Treba było skazati jim po-našomu — titraď — tohdy, može, zrozumiêli b” — цьвяліў Марылю я, і мы выбухалі сьмехам над абсурднасьцю ўсёй сытуацыі і нашай моўнай ідыясынкразіяй.
Вядома, па-беларуску размаўлялі з намі выкладчыкі ў інстытуце і журналісты, якія туды наведваліся, каб зрабіць матэрыял зь беластоцкімі беларусамі. Але чалавек ня меў уражаньня, што гэтыя людзі дома на кухні гавораць таксама па-беларуску. Дарэчы, з намі было падобна. Калі мы вярталіся з заняткаў у інтэрнат, то гаварылі між сабою па-падляску. Цырк на дроце.
Але недзе ж людзі павінны былі гаварыць па-беларуску зусім натуральна, так як дыхаецца. Мы з Марыляй вырашылі, што напэўна гавораць на вёсцы, таму аднаго дня селі ў электрычку і паехалі ў Вязынку, дзе якраз адбывалася „сьвята паэзіі” ці нешта такое.
У Вязынцы мы ўбачылі беларускіх паэтаў, чые імёны былі нам вядомыя зь літаратурных часопісаў, ды пачулі і пабачылі дзівотную для нас манеру чытаньня вершаў, з адрывіста адмерваным рытмам і размахваньнем рукою ў такт. Самае дзівотнае было тое, што гэтая напаўвайсковая аўдыёматорная манера захоўвалася і тады, калі паэтка чытала верш пра неспатоленае каханьне ці нейкую іншую эфэмэрыю, адно што тады, здаецца, узмахі рукі былі крыху плаўнейшыя, чым пры грамадзянскай лірыцы.
Марыля сама пісала вершы, а таму я заўважыў, што яна прыслухоўвалася да гэтых дэклямацый у Вязынцы з асаблівым напружаньнем. Вось як трэба падаваць паэзію народу, нібыта падказвалі нам нашы менскія суродзічы. Не раўнуючы, як ісьці па вясковай вуліцы і цягнуць кіем па штыкецінах... Тра-та-тá, тра-та-тá, тра-та-тáх!
ты там//я тут/над зьвіткам слоў/ня сказаных ніколі ўголас//цярэбім час//разгортваю сябе/заблытаныя/у павуціньне дзён сьляды/усё яшчэ/фіялкай між травы расной/палоняць — напісала Марыля ў вершы, які быў апяблікаваны ў трэцім нумары „Сустрэчаў” у Варшаве, дзесьці ў 1985 годзе, калі жыцьцё для нас усё яшчэ поўнілася вялікімі спадзяваньнямі і калі „сьвятло было ясьнейшае, а трава зелянейшая”2. Гэты верш было б немагчыма прачытаць у Вязынцы, і ня толькі таму, што ў ім няма ні рыму, ні выразнага рытму. Таксама таму, што яго шчымлівая мэтафорыка мае істотны сэнс перш за ўсё для Беласточчыны, месца з заблытанымі сьлядамі, якое гарбее над зьвіткам слоў, ня сказаных ніколі ўголас.
Народ, які прыйшоў паслухаць паэтаў у Вязынцы, безмолвствовал. Адчувалася, што тыя цёткі і дзядзькі сядзелі зь ветлівымі абліччамі на драўляных лавачках перад паэтычнай трыбунай у купалаўскім месцы хутчэй за ўсё таму, што так было лепей, чым ісьці на калгасную касавіцу. Мова беларускай паэзіі, відавочна, не была іхняй мовай. Мясцовая публіка ў Вязынцы ўвогуле не адзывалася, калі мяне не падманвае памяць. А таму мы з Марыляй і не дазналіся, на якой мове там у сапраўднасьці гавораць.
5.
Калі Марыля зусім нечакана захварэла на вострую леўкемію, я ўжо быў пакінуў „Ніву” і яшчэ раз зьвязаў свой лёс з Варшавай — пайшоў працаваць перакладчыкам у амэрыканскую амбасаду. Цягам чатырох з паловай гадоў (1994-1998) я вяртаўся ў Беласток толькі на суботу і нядзелю, каб паглядзець, як безь мяне падрастаюць мае сыны. Мне не хапала часу, каб сустракацца зь некім па-за сямейным колам. Натуральна, я ведаў, што Марыля пераехала з Кленікаў у Бельск, стала настаўніцай беларускай мовы ў бельскай „тройцы”, выйшла замуж і нарадзіла трое дзяцей. Але калі я цяпер думаю пра той час, дык мне не прыгадваецца ніводная нагода, пры якой мы з Марыляй маглі б сустрэцца і пагаварыць пра нешта істотнае, так як нам выпала пагаварыць летам 1989 году ў Менску або летам 1981 году ў Ляхах.
Марыля была асобай вядомай і шанаванай у Бельску. Калі ў бельскіх цэрквах сьвятары зьвярнуліся з заклікам, каб вернікі дапамаглі назьбіраць грошай на дарагую і складаную апэрацыю перасадкі сьпіннога мозгу для яе, людзі адгукнуліся неадкладна і вельмі актыўна. І тады здавалася, што ўсё будзе добра. Выглядала, што апэрацыя прайшла пасьпяхова і што арганізм Марылі бесканфліктна прыняў перасадку сьпіннога мозгу ад яе брата, Сьцёпкі. Чаму яна памерла ў студзені 1996 году пасьля кантрольнага візыту ў клініцы — не зусім ясна.
Пасьля сьмерці Марылі на паўдарозе адведзенага чалавеку зямнога шляху я ўпершыню ўсьвядоміў, што гэты сьвет, у якім я магу зь некім істотна пагаварыць пра мае прэтэнзіі да яго, пачаў незваротна скурчвацца.
Прага, люты 2009
1 | Цытата паводле: „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 2 (4), Białystok 1995, стар. 142-143. |
2 | Адсюль: „High Hopes”, Samson/Gilmour, „The Division Bell”, 1994. |
1 Цытата паводле: „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 2 (4), Białystok 1995, стар. 142-143.
2 Адсюль: „High Hopes”, Samson/Gilmour, „The Division Bell”, 1994.