Тар’ей Вэсас (Tarjei Vesaas) нарадзіўся 20 жніўня 1897 г. у гміне Вінье, што ляжыць у гарыста-лясістай правінцыі Тэлемарк у паўднёва-заходняй Нарвэгіі. Ён быў найстарэйшым сынам патомных гаспадароў Улява (1870—1951) і Сігнэ (1870—1953) Вэсасаў, і яму, па традыцыі, належала пераняць гаспадарку па іх. Але ў 1930 г. Тар’ей, тады ўжо вядомы пісьменьнік, купіў ад свайго дзядзькі (бацькавага брата) Ойстэйна гаспадарку Мідбё (Midtbø) над возерам Вінье, адлеглую ўсяго пяць кілямэтраў ад родавага гнязда Vesås. Бацькоўскую гаспадарку ўспадкаваў ягоны наймаладзейшы брат Онанд (нар. 1905 г.). У Мідбё, у доме, які збудаваў ягоны прадзед у палове ХІХ ст., Тар’ей Вэсас пражыў 40 апошніх гадоў свайго жыцьця, дзелячы свой час паміж літаратурнай творчасьцю, працай на гаспадарцы і шматлікімі падарожжамі (наагул у восеньска-зімовы час, калі ня трэба было працаваць на зямлі). На думку бальшыні скандынаўскіх крытыкаў, у момант сваёй сьмерці ў 1970 Тар’ей Вэсас быў найважнейшым пісьменьнікам ня толькі ў Нарвэгіі, але і ва ўсёй Скандынавіі.
Тар’ей Вэсас закончыў „пачаткова-сярэднюю” адукацыю ў мясцовай народнай школе (folkeskule), потым працаваў з бацькамі на гаспадарцы, а ў 1917—1918 гг. вучыўся ў „народным унівэрсытэце” ў Восе (Voss Folkehøgskule), рэктарам якога быў Лярс Эскэлянд (1867—1942), нарвэскі асьветнік (ён, між іншым, пераклаў на нарвэскую мову індыйскага пісьменьніка Рабіндраната Тагора). Лічыцца, што менавіта Эскэлянд, заўважыўшы літаратурныя здольнасьці Вэсаса на занятках роднай мовы, заахвоціў яго да літаратурнай творчасьці.
Роднай мовай для Вэсаса быў дыялект, якім карысталіся жыхары ягонай гміны Вінье. У палове ХІХ ст. асьветнік-адраджэнец Івар Осэн (1813—1896) сынтэзаваў пісьмовую нарвэскую мову на аснове вясковых дыялектаў заходняй Нарвэгіі як процівагу мясцоваму варыянту дацкай мовы („нарвэскай трасянцы”), якую ўжывала гарадзкое насельніцтва краіны як наступства чатырохсотгадовай палітычнай уніі Нарвэгіі з Даніяй. Пад канец ХІХ ст. „уласна нарвэская” мова (пад назвай landsmål — даслоўна: краёвая мова), пакліканая да жыцьця і нармалізаваная Осэнам, увайшла ў адукацыйную сыстэму ў нарвэскай правінцыі. Ёй вучылі ў школе і Вэсаса. У той самы час прыхільнікі „трасянкі” ў Нарвэгіі (якая пачаткова менавалася riksmål — дзяржаўная мова, а потым атрымала назву bokmål — кніжная мова) займелі падмогу ад моўнага рэфарматара Кнута Кнутсэна (1812—95), які праз правапісныя зьмены, што імкнуліся прыпадобніць правапіс bokmål да вымаўленьня гарадзкой эліты нарвэжцаў, пасьпяхова „аддаліў” гэты нарвэскі варыянт дацкай мовы ад яе літаратурнага стандарту ў Даніі. Моўнае пытаньне ў Нарвэгіі, асабліва пад канец ХІХ ст. і ў пачатку ХХ ст., рэзка палярызавала грамадзтва, разьдзяліўшы яго на зацятых прыхільнікаў „вясковай” і ня менш зацятых абаронцаў „гарадзкой” мовы. Landsmål (сёньня вядомая як nynorsk — нованарвэская мова) i bokmål у ХХ ст. былі некалькі разоў паддадзеныя правапісным рэформам, якія імкнуліся, між іншым, наблізіць абедзьве мовы адна да адной да такой ступені, каб можна было казаць пра агульную нарвэскую мову (samnorsk), аднак гэтыя спробы закончыліся беспасьпяхова. У сёньняшняй 4,5-мільённай Нарвэгіі прыблізна 80 адсоткаў нарвэжцаў лічаць сваёй роднай мовай bokmål, а 20 адсоткаў — nynorsk (прыблізна столькі ж нарвэскіх школьнікаў атрымоўвае адукацыю на nynorsk; nynorsk ёсьць абавязковым прадметам у школах, дзе навучаньне вядзецца на bokmål). Літаратурныя творы, пісаныя на гэтых мовах, не перакладаюцца з адной на адну. Нованарвэская мова ў лексычна-фанэтычных адносінах — больш аддаленая ад дацка-нарвэскай, чым чэская ад славацкай, але бліжэй да яе, чым, прыкладам, беларуская да ўкраінскай.
Вэсас дэбютаваў у 1923 г. раманам „Menneskebonn” („Чалавечыя дзеці”), які выйшаў накладам 1500 асобнікаў у сталічнай Хрысьціяніі (гістарычная назва Осла была вернутая гораду два гады пазьней) у выдавецтве Olaf Norlis Forlag. Шмат гадоў пасьля дэбюту Вэсас прызнаўся, што ягоныя першыя кніжкі былі настолькі „рамантычныя”, што іх немагчыма чытаць. Кароткі пераказ сюжэту „Чалавечых дзяцей” дае неблагое ўяўленьне пра „рамантызм” раньняга Вэсаса. Пры народзінах героя раману, Кнута, у хатцы паляўнічага памірае ягоная маці. Ахоплены роспаччу бацька праклінае „самога сябе, лёс і дзіця, якому ён даў жыцьцё”. Гэтае пракляцьце кладзецца змрочнай смугой на далейшае жыцьцё Кнута. Кнут выратоўвае жанчыну, якая яму падабаецца, ад самагубнага скоку ў рэчку, але потым усё роўна страчвае яе. Пазьней яму падабаецца іншая жанчына, Ліў, але яна кахае іншага, Торстэна. Ліў, усё ж, ахвяруе сваім каханьнем і выходзіць за Кнута. Неўзабаве Ліў гіне, згубіўшыся ў замеці. Пасьля яе гібелі Кнут і Торстэн становяцца сябрамі на жыцьцё і на сьмерць, і дзеля памяці пра Ліў выкоўваюць жалезны крыж, які, зьмяняючы адзін аднаго, заносяць на яе магілу.
Вэсас паслаў аўтарскія экзэмпляры дэбюту тром сваім літаратурным кумірам: Кнуту Гамсуну, Сэльме Лягерлёф і Рад’ярду Кіплінгу. Гамсун прыслаў у адказ сваю візытоўку, на якой не напісаў ні слова (праз 40 гадоў у ягоным архіве знайшлі гэтую кніжку Вэсаса неразрэзанай — значыць, вялікі нарвэжац не ўганараваў дэбютанта прачытаньнем). Кіплінг увогуле не адказаў (тут, зразумела, цяжка было разьлічваць, што ангельскі пісьменьнік прачытае кніжку па-нарвэску). А вось славутая швэдка Лягерлёф цёпла падзякавала за пасылку, напісаўшы Вэсасу, што ягоная „вельмі ўзважаная” гісторыя зрабіла на яе „моцнае ўражаньне”.
Падобным як у дэбютным рамане „рамантызмам”, прыпраўленым добрай дозай сэнтымэнтальнасьці і рэлігійнай мэтафарычнасьці, былі пазначаныя і наступныя кніжкі Вэсаса: „Sendemann Huskuld” („Пасланьнік Гускульд”, 1924), „Grindegard. Morgonen” („Сядзіба Грындэ. Раніца”, 1925), „Grinde-kveld eller Den gode engelen” („Вечар у Грындэ, або Добры анёл”, 1926). У 1928 г. Вэсас выдаў раман „Dei svarte hestane” („Чорныя коні”), які прынёс яму першы істотны посьпех у чытачоў. Кніжка ў гэтым самым годзе была перавыдадзеная, у 1930-я яе пераклалі на нямецкую, нідэрляндзкую і чэскую мовы, а ў 1951 г. яна стала першым творам Вэсаса, які перанесьлі на экран. Раман распавядае змрочна-драматычную — „стрындбэргаўскую” — гісторыю сямейных адносінаў Амброса і Лісьле, сузіраную вачыма іхнага шасьцігадовага сына Хэля. Хэль стаў першым з запамінальных літаратурных герояў Вэсаса, папярэднікам шматлікіх выдатных дзіцячых і юнацкіх вобразаў у ягоных пазьнейшых творах.
У 1925—1926 і 1928—1929 г. дзякуючы стыпэндыям ад ураду і аднае прыватнае фундацыі Вэсас падарожнічаў па Эўропе, нейкі час забавіў у Мюнхэне. У 1929 г. ён выдаў свой першы зборнік апавяданьняў „Klokka i haugen” („Звон на гары”). Потым выйшла ягоная трылёгія: „Fars reise” („Бацькава падарожжа”, 1930), „Sigrid Stallbrokk” (1931), „Dei ukjende mennene” („Чужыя людзі”, 1932). Пісьменьнік даволі нечакана вярнуўся да героя трылёгіі, Кляса Дырэгуда, у 1938 г., калі выдаў яшчэ адзін раман пра яго, „Hjarta høyrer heimlandstonar” („Сэрца чуе згукі роднага краю”), такім чынам ператварыўшы трылёгію ў тэтралёгію. Сэрыю раманаў пра Кляса Дырэгуда крытыкі сустрэлі ня надта каб прыхільна, тым ня менш на пачатку 1930-х гг. Тар’ей Вэсас быў ужо лідэрам літаратуры на landsmål і адным з найцікавейшых пісьменьнікаў у Нарвэгіі. Ягоная зайздросная працавітасьць — пачынаючы з 1923 г., Вэсас амаль штогод, ажно да 1940 г., выдаваў па кніжцы — дазволіла яму даволі добра забясьпечыць сваё жыцьцё зь фінансавага боку. У 1930 г. ён ужо быў у змозе выкласьці ладную суму грошай на закуп уласнай гаспадаркі, раней спомненай Мідбё.
У пачатку 1930-х гг. Вэсасу ўрэшце пашанцавала і ў сямейным жыцьці. У 1931 у Осла Вэсас сустрэў Гальдыс Морэн (Halldis Moren, 1907—1995), паэтку-пачаткоўку, якая дэбютавала ў 1929 г. зборнікам „Harpe og dolk” („Гарфа і штылет”). Як і Вэсас, яна пісала на нованарвэскай мове. Працавала яна сакратаркай у нарвэскім кансуляце ў Вэвэ ў Швайцарыі. Пакарыстаўшыся „падарожнай стыпэндыяй” яшчэ раз, Тар’ей Вэсас наведаў Гальдыс Морэн у Швайцарыі ў 1932 г., і яны заручыліся. У сьнежні 1933 г. Тар’ей прывёз Гальдыс да бацькоў, а ў красавіку 1934 г. яны ўзялі шлюб і пасяліліся ў Мідбё. У іх нарадзілася двое дзяцей: сын Уляў (1935) і дачка Гуры (1938). Гэта было вельмі шчасьлівае і ўдалае сужонства, якое лучыў ня толькі супольны клопат на гаспадарцы, але і літаратурныя зацікаўленьні і заняткі. Гальдыс Морэн Вэсас у далейшым сталася адной з найвыбітнейшых нарвэскіх паэтак. Яна таксама была першым чытачом і крытыкам твораў свайго мужа. На працягу 35 гадоў супольнага жыцьця яны шмат падарожнічалі па Нарвэгіі і за мяжою, а іхны дом у Мідбё стаўся нечым накшталт скандынаўскага культурнага асяродку.
У 1933 г. выйшла адна з самых нязвыклых кніжак Вэсаса, „Sandeltreet” („Сандалавае дрэва”). Гэты кароткі раман распавядае пра падарожжа Гільды, жанчыны, якая чакае трэцяе дзіця, чамусьці ўпэўненая, што пры ягоных народзінах яна памрэ. Таму яна хоча паехаць у падарожжа, каб пабачыць як найбольш з гэтага сьвету, які ёй неўзабаве давядзецца пакінуць. Сям’я — муж-пісьменьнік і двое дзяцей — вырушаюць разам зь ёю. „Для іх яна была як нязвыклае сандалавае дрэва зь дзівосным пахам”, — піша Вэсас пра Гільду. Гільда памірае на пачатку восені ў горскай сядзібе, нарадзіўшы здаровага хлопчыка. Нягледзячы на свой фаталістычны сюжэт, „Сандалавае дрэва” — жыцьцесьцьвярджальны твор, у якім акцэнт пастаўлены не на набліжэньне сьмерці жанчыны, а на ўспрыманьне жыцьця і сьвету ейнымі дзецьмі. „Гэта сучасная паганская легенда пра містэрыю народзінаў і сьмерці”, — напісаў крытык пасьля выхаду кніжкі1.
У 1934 г. выйшаў першы агульнапрызнаны шэдэўр Вэсаса, раман „Det store spelet” („Вялікая гульня”). Кніжка распавядае гісторыю Пэра Буфаста ад ягоных шасьці гадоў да часу, калі ён становіцца дарослым і ўваходзіць у рытм „вялікай гульні” — жыцьця на гаспадарцы. Пэр хоча вырвацца з бацькавай сядзібы, выехаць куды-небудзь, каб зьмяніць свой сялянскі лёс, які ён адчувае як няволю. Але ягоны бацька, які надарваўся ад непасільнае працы на зямлі, паўтарае свайму найстарэйшаму сыну-спадкаемцу: „Ты таксама палюбіш зямлю, Пэр. Ты застанесься ў Буфасьце на ўсё жыцьцё”. Сюжэтна простая, але псыхалягічна глыбокая кніжка Вэсаса апавядае якраз пра зразуменьне гэтай павіннасьці Пэрам. Кніжка канчаецца ў момант, калі Пэр прымае правілы „вялікай гульні”, пагадзіўшыся з тым, што ягоны лёс споўніцца ў месцы, дзе ён нарадзіўся. „Вялікая гульня” была сустрэтая з энтузіязмам як крытыкамі, гэтак і чытачамі. „Яе варта прачытаць нават тым, каму цяжка чытаць на landsmål, — дзеля ўласнай прыемнасьці. У кніжцы няма нічога сэнсацыйнага, яна знаходзіцца наўзбоч літаратурнай моды. Але яна — абсалютна дасканалая”1, — напісаў адзін крытык. Іншы ўхапіўся за выхад шэдэўру Вэсаса як за зручную нагоду паўшчуваць гарадзкіх „трасяньнікаў” за іхную неахвоту вывучаць „вясковую мову”: „Якім чынам людзі ў горадзе могуць пазнаёміцца са сваёй краінай, калі яны ўвесь час адмаўляюцца чытаць на мове вёскі? Нарвэгія не складаецца з адных гарадоў — хутчэй наадварот! Выдатнае мастацтва дае штораз мацнейшыя ўзыходы на ўрадлівай глебе гаспадароў і вясковага народу, знаходзячы сваё выяўленьне ў мове, якая ім найбліжэйшая. Адгароджвацца ад гэткай літаратуры дзеля свае выгады або партыйнага становішча ў спрэчцы аб моўным пытаньні — гэта ўсё роўна што адводзіць сабе і сваёй краіне ролю беднага найміта”.
Краіна відавочна не хацела гэткай ролі для сябе, бо неўзабаве „Вялікую гульню” ўключылі ў праграму літаратуры ў гімназіях і кніжку пачалі чытаць як на вёсцы, так і ў горадзе. У 1940 г. выйшла адмысловае выданьне раману для школьнага карыстаньня. Пісьменьнік толькі праз 20 гадоў заўважыў, што ў гэтым выданьні зьмянілі ня толькі правапіс, згодна з правапіснай рэформай 1938 г., але і некаторыя іншыя рэчы, згодна з „маральнымі меркаваньнямі” адказнага рэдактара. Са школьнага выданьня зьніклі ня толькі асобныя фразы накшталт „маці таксама поўнілася малаком” або „ў бакоўцы ляжалі бацька з маці, якія яго зачалі”, але і ўвесь разьдзел, прысьвечаны эратычнаму спатканьню Пэра зь дзеўкай іменем Рандзі.
У 1936 г. Вэсас выдаў працяг „Вялікай гульні” пад назовам „Kvinnor ropar heim” („Жанчыны клічуць дадому”). Кніжка паказвае далейшае жыцьцё Пэра Буфаста да моманту, калі ён стаецца агульнашанаваным патрыярхам роду і перадае запаветы „вялікай гульні” сваім унукам. Гэтая кніжка ня мае такой мастацкай сілы, як яе папярэдніца, але крытычныя водгукі на яе выхад не былі непрыхільныя.
У 1940 г. наступіў пералом у творчасьці Вэсаса. У красавіку-траўні гітлераўская Нямеччына акупавала Нарвэгію. Цягам некалькіх наступных месяцаў Вэсас напісаў свой новы раман, „Kimen” („Парастак”), які выйшаў у выдавецтве Gyldendal пад канец таго году. Пісьменьнік зьмяніў ня толькі выдаўца, але і свой стыль ды творчую манеру. „Парастак” — гэта прыпавесьць пра змаганьне дабра са злом у чалавечай душы. Падзеі кніжкі адбываюцца на абжытым прыбярэжным астраўку (у Нарвэгіі іх каля 2 тысячаў), на якім новапрыбылы чужак, знаходзячыся ў шоку ад перажытага выбуху, становіцца сьведкам крывавага здарэньня: дзьве сьвіньні ў загарадзі пачынаюць кусаць адна адну, а потым адна зь іх пажырае свае малыя. Гэты шал перадаецца і чужаку, які забівае мясцовую дзяўчыну. Прага помсты ахоплівае ўсіх жыхароў астраўка, і яны вырушаюць на паляваньне за чужаком, знаходзяць і забіваюць яго. Другая частка раману менш драматычная — пасьля аблавы людзі, ахопленыя пачуцьцём віны, страху і сораму за ўчыненую расправу, зьбіраюцца ў клуні, каля якой яны забілі чалавека, і праводзяць там ноч, прысьвечаную своеасабліваму „душаразбору” і раскаяньню. „Парастак” паклаў канец „бытапісальнаму” Вэсасу. Усе ягоныя наступныя раманы, хоць і асаджаныя ў больш ці менш рэалістычных абставінах, нясуць з сабою вялікую сымбалічную нагрузку, якая не заўсёды даступная для чытача зь першага падыходу. На думку бальшыні нарвэскіх крытыкаў, пачынаючы з „Парастку”, з кожным новым раманам Вэсас здабываў новую мастацкую вяршыню.
Вэсас пражыў вайну, не пакідаючы свае гаспадаркі, зь якой яны з жонкай час ад часу слалі пасылкі з харчовымі прадуктамі знаёмым пісьменьнікам, якім у акупаванай сталіцы даводзілася галадаць. Пад канец 1945 г. Вэсас выдаў „Huset i mørkret” („Дом у цемры”), раман-алегорыю пра акупаваную Нарвэгію, якую пісьменьнік прадставіў у вобразе агромністага страхотнага дома ў цемры, населенага акупантамі і акупаванымі. „Сымбалізм пастаўлены ў цэнтар гэтага раману з такой мастацкай сілай, што ўвесь сымбалічны мэханізм твору прыводзіцца ў рух ня столькі ўмельствам пісьменьніка, колькі жывым уяўленьнем чытача... Вэсас выбудоўвае свой гнятлівы, кашмарны сьвет з трывогаў і жахаў, якія ўласьцівыя кожнаму чытачу, і заваблівае нас у сярэдзіну свайго праклятага, жудаснага дома”, — напісаў аглядальнік.
У 1946 г. пісьменьнік выдаў свой першы зборнік паэзіі „Kjeldene” („Крыніцы”). Потым выйшла яшчэ пяць ягоных паэтычных зборнікаў (адзін зь іх ужо пасьля ягонай сьмерці). Вершы Вэсаса застаюцца ў ценю ягонай прозы, але і сярод іх можна знайсьці сапраўдныя паэтычныя пэрліны. У тым самым 1946 г. пісьменьнік выдаў яшчэ раман „Bleikeplassen” („Бялільня”) — змрочную гісторыю пра самоту, рэўнасьць і сьмерць.
Два наступныя творы Вэсаса належаць да „найбольш сымбалічных” сярод ягоных раманаў. „Tårnet” („Вежа”, 1948) распавядае гісторыю сужонства, якое паволі скочваецца ў вар’яцтва, дайманае болем і пачуцьцём віны пасьля сьмерці свайго дзіцяці. Малы хлопчык памірае ад заражэньня крыві, параніўшыся аб жалезную калючку на кучы злому, куды яго забралі бацька і старэйшы брат. Бацька, паступова трацячы розум, будуе вежу са старога жалезьзя на месцы, дзе сьмяротна параніўся ягоны малы сын, як быццам хочучы схаваць тую калючку (і сваю віну) ад сьвету. Старэйшага сына ад вар’яцтва ратуе каханая ім дзяўчына. „Signalet” („Сыгнал”, 1950) — гісторыя безвыходнасьці родам з тэатру абсурду. На станцыі ў тумане стаіць цягнік, чакаючы сыгналу адыходу, якога, аднак, ніхто да канца раману так і не падае. Пасажыры ў цягніку і пэрсанал станцыі ахопленыя паралічам волі, які не дазваляе ім знайсьці выйсьця з тупіковай сытуацыі.
У 1952 г. Вэсас апублікаваў высока ацэнены крытыкамі зборнік апавяданьняў „Vindane” („Вятры”), а ў 1954 г. — раман „Vårnatt” („Веснавая ноч”), адзін з найлепшых сваіх твораў. Бацькі пакідаюць чатырнаццацігадовага Гальстэйна і ягоную васямнаццацігадовую сястру Сісэль адных дома. Сьветлай веснавой ноччу ў іх просіць начлегу сям’я зь пяці чалавек, у якой пад ліўнем паламалася аўтамашына. Маладая жанчына, Грэта, павінна вось-вось нарадзіць (дзіця неўзабаве нараджаецца ў доме Гальстэйна і Сісэль). Старэйшая жанчына, Крыстына, мачыха мужа Грэты, Карла, — якая перастала гаварыць з мужам Яльмарам і астатнімі сямейнікамі якраз перад аварыяй аўтамашыны — памірае на дасьвецьці. Зь імі прыбывае яшчэ трынаццацігадовая Гудрун, жывое ўвасабленьне хлапечых мрояў Гальстэйна пра каханьне. Як у шмат якіх іншых сваіх кніжках, Вэсас у „Веснавой ночы” зашмаргнуў у адзін драматычны вузел нараджэньне, каханьне і сьмерць — асноўныя этапы „вялікай гульні”. Гальстэйн апынаецца ў цэнтры напружаных падзеяў, у якіх яму даводзіцца ня толькі дапамагаць тым, хто патрабуе дапамогі, але і шмат што зразумець з дагэтуль недаступнага для яго жыцьця дарослых. З канцом веснавой ночы фактычна канчаецца ягонае юнацтва, і ён уступае ў даросласьць.
У 1957 г. Вэсас публікуе свой наступны шэдэўр — раман „Fuglene” („Птушкі”). Недарэкаваты Матыс жыве ў лесе над возерам з саракагадовай сястрой Хэге, якая зарабляе на іхнае жыцьцё вязаньнем швэдраў. Сястра, як і людзі з ваколіцы, глядзяць на Матыса як на непрацаздольнага прыдурка. Аднойчы ў лесе Матыс сустракае слонку, якая пакідае яму пасланьне, напісанае на пяску. Матыс пачынае вывучаць птушыную мову і перапісвацца з слонкай, якая сумленна адказвае на ягоныя допісы, зробленыя сасновай голкай. Дзякуючы ліставаньню са слонкай Матыс адчувае сябе патрэбнай часткай прыгожага сьвету, які поўнасьцю ўспрымае яго як свайго. Другі раз Матыс адчувае сябе невымоўна шчасьлівым, калі выпадкова сустракаецца зь дзьвюма незнаёмымі дзяўчынамі, якія ня ведаюць, што мясцовыя людзі называюць яго Доўбняй. Перад імі ён паказвае сваё адзінае жыцьцёвае ўмельства — веславаньне. Аднак ягоная крохкая ідылія жорстка парушаецца: паляўнічы, якому Матыс абмовіўся пра слонку, падсьцерагае птушку і забівае яе. „Вось так зачыніліся на замок вочы. Вось так перасталі плысьці рэкі”, — кажа Матыс, хаваючы мёртвую птушку пад каменем. Ягоная сястра аднаго дня кажа Матысу, што ён як выдатны вясьляр мог бы працаваць, перавозячы сваёй лодкай людзей цераз возера. На другі дзень Матыс бярэцца за гэты занятак. Адзіны чалавек, якога Матысу даводзіцца перавезьці цераз возера, дрывасек Ёрген, пасяляецца ў іх. Хэге і Ёрген хіляцца адно да аднаго, і Матыс раптам адчувае сябе лішнім у доме. Ён выплывае лодкай на сярэдзіну возера, прабівае ў лодцы дзірку, а сам кладзецца на вадзе на двух вёслах. Матыс, які ня ўмее плаваць, дазваляе ветру вырашыць свой лёс. Калі паверхня возера будзе гладкая, яму ўдасца даплысьці да берага. Але вецер зрываецца — перад тым як пайсьці на дно Матыс выкрыквае сваё імя, якое „прагучала над пустэльным возерам як кліч незнаёмай птушкі”. У „Птушках” Вэсас, у спосаб, далёкі ад якой-колечы сэнтымэнтальнасьці, паказвае, шту для чалавека значыць заставацца самотнікам і аўтсайдэрам у жыцьці. Адначасова Матыс з сваім багатым унутраным жыцьцём і „дзіцячым” пытаньнем у душы — чаму ўсё ёсьць так, як ёсьць? — быў для Вэсаса некім значна важнейшым, чым толькі дзівакаватым літаратурным пэрсанажам. „Я буду вельмі блізка да праўды, калі назаву Доўбню, з пэўнымі засьцярогамі, сваім аўтапартрэтам”, — прызнаўся Вэсас некалькі гадоў пасьля выхаду кніжкі. „Птушкі” належаць да найбольш улюбёных кніжак Вэсаса, ня толькі ў Нарвэгіі. У 1967 г. польскі рэжысэр Вітальд Ляшчынскі паводле матыву „Птушак” паставіў неблагі фільм пад назвай „Żywot Mateusza”, у якім ролю Матыса-Матэвуша выдатна сыграў Францішак Печка (Вэсас з жонкай былі на прэм’еры фільму ў Варшаве ў пачатку 1968 г.).
Пасьля выхаду „Птушак” пра Вэсаса загаварылі як пра моцнага кандыдата на Нобэлеўскую літаратурную прэмію. На жаль, ён не атрымаў яе ні ў 1957 г., ні пазьней, нават пасьля публікацыі „Лядовага палаца” („Is-slottet”) у 1963 г. Швэдзкая Акадэмія Літаратуры несумнеўна „дала маху” ў выпадку Вэсаса, абмінуўшы ўвагай аднаго з найцікавейшых пісьменьнікаў ХХ ст. (такім самым чынам швэдзкія акадэмікі абмінулі і Джэймса Джойса ці Грэма Грына, калі прыгадаць тут толькі самыя значныя зь іхных промахаў).
У 1961 г. Вэсас апублікаваў сваю найбольш пэсымістычную кніжку — сымбалічны раман „Brannen” („Пажар”), дзе малады чалавек Юн адбывае драматычнае падарожжа, цягам якога ён сутыкаецца з жахлівымі праявамі жыцьця. На кніжку наклала свой адбітак палітычная атмасфэра пэрыяду „халоднай вайны” на зломе 50-х і 60-х, з жорсткім супрацьстаяньнем двух варожых блёкаў, якое рэальна пагражала выбухам ядравага канфлікту і ўсясьветнай катастрофай.
У 1963 г. выйшаў „Лядовы палац”. Для шматлікіх прыхільнікаў творчасьці Вэсаса гэты раман — ягоная найвышэйшая творчая вяршыня. Нават тыя, якія творчасьцю Вэсаса асабліва не захапляюцца, прызнаюць, што вымаляваньне такіх далікатна-рафінаваных псыхалягічных партрэтаў дзьвюх 11-гадовых дзяўчынак 66-гадовым пісьменьнікам мяжуе з мастацкім цудам. „Шмат з таго, што Тар’ей напісаў раней, зьдзіўляла мяне ды імпанавала мне. Але ніякая зь ягоных іншых рэчаў ня ўразіла мяне так, як гэтая, — сказала Гальдыс Морэн Вэсас пра „Лядовы палац”. — Ягоныя ранейшыя кніжкі таксама былі пабудаваныя вакол нейкай відзежы. Але ніколі раней відзежа не была такая суцэльная, такая праменная, такая чароўная, як тут”. Як і шмат хто з чытачоў, жонка пісьменьніка таксама хацела ведаць, чаго Ун не сказала Сіс у час іхнай сустрэчы ў цётчыным доме, аднак аўтар ухіліўся ад адназначнага адказу. Вэсас патлумачыў толькі, чаму Ун запрапанавала Сіс распрануцца: „Яна хацела паглядзець голае цела аднагодкі, каб параўнаць яго са сваім, каб даведацца, ці тое, што ёй прыдарылася, не пакінула нейкіх сьлядоў на яе ўласным целе”. Аднак Вэсас ніколі нікому ясна не сказаў, што прыдарылася Ун і чаму яна баялася, што ня трапіць у рай. Іншым разам, адказваючы на ліст ад школьніцы, якая пыталася пра „глыбейшае значэньне” „Лядовага палаца”, Вэсас напісаў: „Глыбейшае значэньне „Лядовага палаца” настолькі крохкае, што калі б я спрабаваў яго табе растлумачыць, я яго толькі б зьнішчыў. Як дзяўчынка ты гэта, пэўна, разумееш нават лепш за мяне. Я лічу, што добрая кніжка павінна быць таямнічай”.
У лютым 1964 г. Вэсас атрымаў за „Лядовы палац” Літаратурную прэмію Паўночнай Рады, якая была заснаваная пяцьцю паўночнымі краінамі — Даніяй, Ісьляндыяй, Нарвэгіяй, Фінляндыяй і Швэцыяй — у 1962 г. і лічыцца найбольш прэстыжнай літаратурнай узнагародай у Скандынавіі. Цяпер гэтую прэмію могуць атрымоўваць таксама пісьменьнікі, якія пішуць на грэнляндзкай, фарэрскай і ляпляндзкай (саамскай) мовах; цяперашняя грашовая вартасьць прэміі — 350 000 дацкіх кронаў ($ 62 000). Афіцыйная фармулёўка прызнаньня прэміі Вэсасу гучала: „За асаджаны ў паўночным зімовым краявідзе раман „Лядовы палац”, які ў праніклівы спосаб пераўтварае рэчаіснасьць душы ў майстэрскі вобраз чалавечай самоты і памкненьня да духоўнай блізкасьці зь іншым чалавекам”. У падзяцы за ўзнагароду Вэсас дакрануўся да агульнага сэнсу літаратурнай творчасьці: „Той, хто піша, марыць, каб нешта знайсьці: можна назваць гэтае нешта цалкавіта белым каменем. Ён верыць, што такі камень існуе, і шукае яго ў найбольш неверагодных месцах. Напэўна, ёсьць такі дзівосны белы камень. Але ніхто яго не знайшоў. І ніхто яго ня знойдзе. Але пошукі будуць працягвацца. Калі б яго знайшлі, літаратура страціла б сваю моц. Але ніхто яго ня знойдзе. Кажуць, што літаратура сёньня апынулася ў небясьпецы. Я так ня думаю. [Літаратурныя] формы зьнікаюць, але толькі дзеля таго, каб саступіць месца іншым. Тое, што не зьнікае, — гэта чалавечая мара. Мара нараджаецца нанава з кожным новым дзіцём з матчынага ўлоньня. Як доўга будзе ў сьвеце мара, так доўга будзе і літаратура”.
Грошы, якія Вэсас атрымаў разам з узнагародай Паўночнай Рады, ён прызначыў на заснаваньне адмысловай прэміі для дэбютантаў: пачынаючы з 1964 г., яна штогод прызнаецца зьвязам нарвэскіх пісьменьнікаў і носіць ягонае імя (Tarjei Vesaas’ Debutantpris).
„Bruene” („Масты”), выдадзеныя ў 1966 г., сталі апошнім раманам Вэсаса. Кніжка распавядае гісторыю пары закаханых, Аўды і Торвіля, якіх лёс сутыкае з трагедыяй маладой жанчыны Вальбарг. Вальбарг забіла сваё малое дзіцятка і знаходзіцца на мяжы самагубства. У рамане выступае рэальны мост, зь якога Вальбарг кідае мёртвае дзіцятка ў рэчку, але для пісьменьніка значна больш істотным было абмаляваньне тых псыхалягічных мастоў, што праклаліся паміж ягонымі трыма героямі.
„Масты” былі 22-м раманам Тар’ей Вэсаса, які за жыцьцё апублікаваў яшчэ чатыры зборнікі апавяданьняў і пяць зборнікаў вершаў. Пісьменьнік разьвітаўся з чытачамі лірычнай кніжкай успамінаў „Båten om kvelden” („Лодка вечарам”, 1968) і зборнікам вершаў „Liv ved straumen” („Жыцьцё каля плыні”, 1970), выхад якога ён ужо не пасьпеў убачыць. Пісьменьнік памёр 15 сакавіка 1970 г.
1 | Гэтая ды ўсе астатнія цытаты і водгукі на творчасьць пісьменьніка падаюцца за кніжкай пра Тар’ей Вэсаса, якую ў 1995 г. апублікаваў ягоны сын Уляў Вэсас: Vesaas, Olav. Løynde land, Ei bok om Tarjei Vesaas, J.W. Cappelens Forlag, Oslo. |
1 Гэтая ды ўсе астатнія цытаты і водгукі на творчасьць пісьменьніка падаюцца за кніжкай пра Тар’ей Вэсаса, якую ў 1995 г. апублікаваў ягоны сын Уляў Вэсас: Vesaas, Olav. Løynde land, Ei bok om Tarjei Vesaas, J.W. Cappelens Forlag, Oslo.