Тар’ей Вэсас (Tarjei Vesaas) нарадзіўся 20 жніўня 1897 г. у гміне Вінье, што ляжыць у гарыста-лясістай правінцыі Тэлемарк у паўднёва-заходняй Нарвэгіі. Ён быў найстарэйшым сынам патомных гаспадароў Улява (1870—1951) і Сігнэ (1870—1953) Вэсасаў, і яму, па традыцыі, належала пераняць гаспадарку па іх. Але ў 1930 г. Тар’ей, тады ўжо вядомы пісьменьнік, купіў ад свайго дзядзькі (бацькавага брата) Ойстэйна гаспадарку Мідбё (Midtbø) над возерам Вінье, адлеглую ўсяго пяць кілямэтраў ад родавага гнязда Vesås. Бацькоўскую гаспадарку ўспадкаваў ягоны наймаладзейшы брат Онанд (нар. 1905 г.). У Мідбё, у доме, які збудаваў ягоны прадзед у палове ХІХ ст., Тар’ей Вэсас пражыў 40 апошніх гадоў свайго жыцьця, дзелячы свой час паміж літаратурнай творчасьцю, працай на гаспадарцы і шматлікімі падарожжамі (наагул у восеньска-зімовы час, калі ня трэба было працаваць на зямлі). На думку бальшыні скандынаўскіх крытыкаў, у момант сваёй сьмерці ў 1970 Тар’ей Вэсас быў найважнейшым пісьменьнікам ня толькі ў Нарвэгіі, але і ва ўсёй Скандынавіі.
Тар’ей Вэсас закончыў „пачаткова-сярэднюю” адукацыю ў мясцовай народнай школе (folkeskule), потым працаваў з бацькамі на гаспадарцы, а ў 1917—1918 гг. вучыўся ў „народным унівэрсытэце” ў Восе (Voss Folkehøgskule), рэктарам якога быў Лярс Эскэлянд (1867—1942), нарвэскі асьветнік (ён, між іншым, пераклаў на нарвэскую мову індыйскага пісьменьніка Рабіндраната Тагора). Лічыцца, што менавіта Эскэлянд, заўважыўшы літаратурныя здольнасьці Вэсаса на занятках роднай мовы, заахвоціў яго да літаратурнай творчасьці.
Роднай мовай для Вэсаса быў дыялект, якім карысталіся жыхары ягонай гміны Вінье. У палове ХІХ ст. асьветнік-адраджэнец Івар Осэн (1813—1896) сынтэзаваў пісьмовую нарвэскую мову на аснове вясковых дыялектаў заходняй Нарвэгіі як процівагу мясцоваму варыянту дацкай мовы („нарвэскай трасянцы”), якую ўжывала гарадзкое насельніцтва краіны як наступства чатырохсотгадовай палітычнай уніі Нарвэгіі з Даніяй. Пад канец ХІХ ст. „уласна нарвэская” мова (пад назвай landsmål — даслоўна: краёвая мова), пакліканая да жыцьця і нармалізаваная Осэнам, увайшла ў адукацыйную сыстэму ў нарвэскай правінцыі. Ёй вучылі ў школе і Вэсаса. У той самы час прыхільнікі „трасянкі” ў Нарвэгіі (якая пачаткова менавалася riksmål — дзяржаўная мова, а потым атрымала назву bokmål — кніжная мова) займелі падмогу ад моўнага рэфарматара Кнута Кнутсэна (1812—95), які праз правапісныя зьмены, што імкнуліся прыпадобніць правапіс bokmål да вымаўленьня гарадзкой эліты нарвэжцаў, пасьпяхова „аддаліў” гэты нарвэскі варыянт дацкай мовы ад яе літаратурнага стандарту ў Даніі. Моўнае пытаньне ў Нарвэгіі, асабліва пад канец ХІХ ст. і ў пачатку ХХ ст., рэзка палярызавала грамадзтва, разьдзяліўшы яго на зацятых прыхільнікаў „вясковай” і ня менш зацятых абаронцаў „гарадзкой” мовы. Landsmål (сёньня вядомая як nynorsk — нованарвэская мова) i bokmål у ХХ ст. былі некалькі разоў паддадзеныя правапісным рэформам, якія імкнуліся, між іншым, наблізіць абедзьве мовы адна да адной да такой ступені, каб можна было казаць пра агульную нарвэскую мову (samnorsk), аднак гэтыя спробы закончыліся беспасьпяхова. У сёньняшняй 4,5-мільённай Нарвэгіі прыблізна 80 адсоткаў нарвэжцаў лічаць сваёй роднай мовай bokmål, а 20 адсоткаў — nynorsk (прыблізна столькі ж нарвэскіх школьнікаў атрымоўвае адукацыю на nynorsk; nynorsk ёсьць абавязковым прадметам у школах, дзе навучаньне вядзецца на bokmål). Літаратурныя творы, пісаныя на гэтых мовах, не перакладаюцца з адной на адну. Нованарвэская мова ў лексычна-фанэтычных адносінах — больш аддаленая ад дацка-нарвэскай, чым чэская ад славацкай, але бліжэй да яе, чым, прыкладам, беларуская да ўкраінскай. (...) »»