Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Пад знакам новай „бяды”
Пад знакам новай „бяды”
Natisnuti, kob pobôlšyti...
Аляксандар Максімюк
2009-08-16
Radio Białystok

Нядаўня наведаў мяне мой брат Ян, які пастаянна жыве за мяжою. Незалежна ад таго, колькі часу працягваецца такі візыт, яго наступствы для мяне заўжды аднолькавыя. Акрамя традыцыйнага абмену думкамі, каму з нас як жылося за пэрыяд, у які мы ня бачылі адзін аднаго, Ян прывозіць мне яшчэ кучу „бяды”.

Бяду стаўлю я ў двукосьсе, бо насамрэч гэта не бяда, але куча ідэяў, якія пры маёй дапамозе Ян стараецца ўжыцьцявіць. З адной такой „кучы бяды”, якую Ян прывёз у 2007 годзе, нарадзіўся сайт Svoja.org — інтэрнэт-рэсурс прысьвечаны пісьмоваму ўнармаваньню падляскай мовы, якой мы тут карыстаемся ад пакаленьняў. Я пераканаўся, што людзі ў першым імпульсе, калі гутарка пойдзе пра Svoja.org, кажуць, быццам тут ствараецца новая мова. А тут, трэба гэта падкрэсьліваць усё нанава і нанава, ніякая новая мова не ствараецца — адбываецца першая сэнсоўная спроба замацаваць нашу мову (і мову нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, і г.д.) на пісьме. Пісьмо — гэта той, ад вякоў нязьменны, атрыбут, які прыдае нашым памкненьням жыцьцё вечнае. Сярод суайчыньнікаў, у якіх кар’ера, грамадзкая пазыцыі ды штодзённы дабрабыт прывязаныя да праектаў на беларускай нацыянальнай ніве, зразуменьня для сваёй ідэі набілітаваць у пісьме падляскую мову мой брат не знайшоў. Цягам апошняга году-двух я зразумеў, што на зразуменьне такое ён рэальна і не разьлічваў. Ягонае няшчасьце палягала ў тым, што не было ў яго адпаведнага месца, дзе можна было б публікаваць свае думкі і ідэі. Самым лепшым і, можна сказаць, натуральным месцам для ідэяў у наш тэхналягічны век зьяўляецца інтэрнэт. Дык вось, усю восень 2007 году я і вырашаў яму выдавецкую „бяду”. У выніку ўзьнік новы ды адметны на беларускім арэале сайт, які зьяўляецца сапраўдным генэратарам зьместу. Большасьць існуючых беларускіх сайтавых праектаў гэта так званыя агрэгатары, якія свайго аўтарскага зьместу не ствараюць — яны зьбіраюць ды перадрукоўваюць зьмест напрацаваны іншымі аўтарамі. Беларускіх агрэгатараў у інтэрнэце процьмя. Падлічыць жа істотныя генэратары зьместу можна на пальцах усяго адной рукі, дый то яшчэ некалькі пальцаў застанецца не занятых.

2009 год праходзіць для мяне пад знакам новай — у двукосьсі — „бяды”, якую прывёз мне мой брат Ян. За сваё дагэтуляшняе сталае жыцьцё Ян нямала папрацаваў для беларускай мовы як перакладчык літаратуры — на беларускую ды наадварот. Самым значным ягоным пачынам стаў пераклад на беларускую мову знакавага для ўсяго XX стагодзьдзя раману ірляндзкага пісьменьніка Джэймся Джойса „Уліс” — раману, пра які ўсе чулі, але прачытаць які да канца мала каму ўдалося.

Ян папрасіў пабудаваць інтэрнэт-рэсурс, дзе ён і магчымыя ягоныя аднадумцы, якія працуюць на беларускай перакладчыцкай ніве, змаглі б публікаваць свае напрацоўкі. Неабавязкова публікаваць завершаныя творы, але, вось, калі напісалася каму нешта цікавае, або прачыталася, або нават толькі і падумалася – дык узяў такі аўтар і запісаў свае думкі ды памясьціў іх на гэтым перакладчыцкім сайце для прачытаньня або абмеркаваньня іншымі аўтарамі.

Гэты рэсурс будзе генэратарам зьместу, куды людзі будуць заходзіць, каб даведацца, што новае ўзьнікла або акурат узьнікае на беларускай літаратурнай мове, а ня толькі знаёміцца з тым, што новае ўкладальнікам сайтавага праекту ўдалося скапіяваць зь іншых рэсурсаў. Сайт ствараецца з чыстага замілаваньня да беларускай мовы і літаратуры, а не таму, што некаму ўдалося вырваць на гэта аднекуль грошы.

Адкрыцьцё беларускага літаратурнага рэсурсу адбудзецца ў верасьні гэтага году, ды пра гэта будзе яшчэ асобная абвестка.

PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам новай „бяды”
2009-08-20, 12:38
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам новай „бяды”
2009-08-20, 12:38