Home For Our Children Articles Belles-Lettres Dictionary Audio Files Contact Us Svoja.org on Facebook
Our language, our choice, our fate...
Svoja.org » Essays, Biographies » Попел і памяць
Попел і памяць
Click to enlarge...

Зані спаліў адзін з аддзелаў так званага „Поготовя Акцыі Спэцыяльнэй”, якім камандаваў „Буры” (Ромуальд Райс)

Ян Максімюк
1990-05-06
Тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва”

Памяць ведае больш, чым слова можа сказаць. Памяць ведае больш, чым слова хоча сказаць. Памяць — ня слова — хоча сказаць усё і ня можа.

Тое, што ў словах:

Успамінае М. К.: Гэта было ў суботу, якраз выпалі польскія Грамніцы. У нас у хаце была я зь сястрою, мама, малодшы брат Ёзік, тата драмалі на зэдліку каля печкі. На вячоркі прыйшлі дзьве мае сяброўкі, адна прала на калаўротку, другая вязала на дротах. Старэйшы брат Уладзік забег у хату і кажа, што паляць Шпакі. Відаць зарыва і дым. Мама кажа, што трэба павыносіць з хаты, бо прыдуць і нас спаляць. Потым хтось грукнуў у дзьверы, тата выйшлі і ў хату ўжо не вярнуліся. Потым стрэлілі ў акно, і згасла карбідоўка. Мы пападалі на падлогу. Я падняла галаву і бачу праз акно, што і наша вёска ўжо гарыць. Ідзі на гару і павынось што, кажа мне мама. Я пайшла і бачу з гарышча, што людзі пабітыя на вуліцы ляжаць. Бо на вуліцы ясна, як удзень, ад агню. Сыходжу і кажу маме. Мама ўзялі польскую ікону, была ў нас адна, і выйшлі на двор. Мы ўсе за ёю. Брат, я памятаю, пасьпеў захапіць з сабою школьны тарністар. Мы хадзілі ў школу ў Занях, вучыў нас найстарэйшы наш брат, Янак, яго ў той час дома не было, бо старэйшыя хлопцы і мужыкі здаўна ўжо ў хатах не начавалі. Хто дзе, у клуні, на вышках у хляве або на грушы, абвязаўшыся вяроўкаю, каб ня ўпасьці, калі засьне. Стаімо мы перад нашым домам, а яны ідуць вуліцай і заходзяць у наш панадворак. Адзін зь іх узяў і прыставіў мне пісталет да галавы. „Поляцы чы бялорусы?” — пытаецца. „Пане, мы поляцы, не забівайце нас”, — кажуць мама. — „Як пан не вежы, то нех запыта у сонсядкі. Она католічка”. Цераз вуліцу жылі католікі, нашы суседзі. Мама пабачылі, што суседка ...цкая стаіць перад домам, і падумалі, што за нас заступіцца. Бо мы зь імі жылі як адна сям’я, гэта я тут праўду, як на споведзі, кажу. Яны былі бедныя, а нашы мама былі шчырыя, спагадлівыя, і памагалі ім чым маглі. Адзін пайшоў пытацца, ці палякі мы. І тая ...цкая сказала, ведаеце, з такой пагардай ці са злосьцю: „Так, так, полякі”. Ён вярнуўся і стрэліў зь пісталета маме ў галаву. Я бачыла, як страшна пырснула кроў маме з галавы. Мама ўпалі каля хаты. Брат Ёзік кінуўся ўцякаць за хату, за ім стралялі, але не пацэлілі. Ён прасядзеў усю ноч у акопах за вёскай, вярнуўся на другі дзень, ужо на папялішча. А нас зь сястрою і з тымі сяброўкамі запхнулі ў хату. Адзін зь іх прынёс ад суседзяў акалот саломы, яны ім уваход у пограб закрывалі, бо дзьвярэй не было, завалок яго на гару і запаліў. І потым пайшлі паліць далей. Мы думалі, што дзьверы завязалі чым, каб нам ня выйсьці, і пазалазілі пад ложак. Але тут дым, кроквы трашчаць і пачынаюць падаць. Я вырвала акно, у нас яно было падвойнае, як на зіму, другую раму выпхнула на двор. Пад акном у нас была сажалка, тут на яе салома са страхі падае і гарыць. Вада гарыць. Хоць быў люты, то вада не замёрзла, бо тады якраз стаяла адліга. Няма як выскачыць, бо ўсюды агонь. Але вытрываць ня можна, мы ўжо пачалі задыхацца. Тады я ўзяла сястру на рукі, ёй было сем гадоў, а мне чатырнаццаць, і кінулася цераз полымя, церазь сенцы на двор. Дзьверы не былі завязаныя. За мною мае сяброўкі. Я пабегла цераз вуліцу да тых суседзяў і, не пытаючыся, шмыганула ў іхнюю хату і схавалася там. Там, дзе жылі палякі, то не палілі, толькі беларусаў. А таксама абапал дамоў не палілі, каб католікі не згарэлі. У нас у вёсцы было чатыры польскія сем’і, са „шляхты”. І тая суседка, што сказала „так, так, полякі”, забегла ў хату і выгнала нас адтуль, як паршывых сабак. Я зь сястрою на руках пабегла ў куток панадворка, там у іх хвораст ці то ядловец ляжаў, і таксама пярыны, што павыносілі з хаты, бо ім сказалі раней, што паліць беларусаў будуць, каб павыносілі, калі б ад пажару і іхняя хата занялася. Але і адтуль нас прагналі. І мы схаваліся ў куратніку, што стаяў побач сялібы тых суседзяў. Там мы і прабылі да раньня, не выходзілі, калі яны зьбіраліся і крычалі „Зьбюрка! Зьбюрка!”, а потым пайшлі дарогаю на Сьвірыды.

Успамінае Н. А. (сястра М. К.): Я ляжала ў тым куратніку на курыным памёце ў адной кашулі. Сястра мне казала не варушыцца. Сама была ля дзьвярэй. Я чула, як яна дрыжыць і трасецца. У вёсцы стралялі, я цераз пазы бачыла, што на загуменьні стаялі іхнія падводы, чакалі, аж тыя ў вёсцы паб’юць людзей і папаляць. Яны зьбіраліся потым вельмі доўга. Ураньні сястра знайшла брата Янака, і ён перанёс мяне ў клуню, якая не згарэла. Сама я ісьці не магла. Тады ён адвёз мяне ў Сьвірыды да сваякоў. Вясною я вярнулася ў Зані да бабкі. Зані пасьля пажару апусьцелі, людзі хаваліся ў іншых вёсках, доўга не варочаліся. Тата, як вярнуліся ў нядзелю ранкам, то ўбачылі, што мама згарэлі разам з хатаю, засталіся толькі адны костачкі. Тата пазьбіралі іх у палатно, зьбілі з дошак труну і хавалі разам зь іншымі пабітымі, за вёскай, у супольнай магіле, мы туды пойдзем, я вам пакажу. Праваслаўныя могілкі былі ў Бранску, але людзі баяліся туды ехаць і хаваць, каб там нас не пабілі. Разам у той магіле пахавалі 24 асобы. Тыя нашы сяброўкі выжылі, яны былі сёстры, але тата і маму ім забілі.

Успамінае А. К.: Яны прыходзілі да нас раней, перад тым, як нас спалілі, былі разоў дваццаць. Грабілі, забіралі коні, сьвіньні, вопратку, хлеб, усё, што згледзелі. Прыходзілі ноччу, грукалі ў акно. Калі гаспадар пытаўся „хто?”, яны казалі „польске войско”. Мы ўжо ведалі, хто такія і чаго ім трэба. Тады мне было 19 гадоў, я быў на вёсцы, сядзеў з хлопцамі ў некага ў хаце. Па начах мы ў хатах ня спалі, бо калі каго з хлопцаў зловяць, то катуюць. Мы пачулі шоргат і рыпеньне падводаў. Я выйшаў на двор і бачу, што вёску акружаюць. Пытаю хлопцаў, куды ўцякаць будзем? Усе разьбегліся, хто куды. Я сам пабег цераз садок у той бок, дзе лес. Але згубіў шапку і вярнуўся па яе. Тут мяне і схапілі. І вядуць па вуліцы. З адной хаты выглянуў стары, называўся ён Міхал. Яго таксама забралі і павялі са мною. Завялі нас на гасьцінец, што ідзе на Сьвірыды, і там сказалі класьціся на зямлю. Потым адзін зь іх пайшоў на вёску і доўга не варочаўся. Мусіць, пытаўся ў камандзіраў, што з намі рабіць. У вёсцы чуваць была страляніна, з абодвух бакоў пачалі яе паліць. Потым той паляк, што пайшоў, варочаецца, выцягвае пісталет і пытаецца ў Міхала: „Поляк чы бялорус?” „Бялорус” — кажа дзядзька Міхал. Той стрэліў у яго два разы. Потым пытаецца пра тое самае ў мяне. Я адказваю так сама. Ён страляе ў мяне. У першую хвіліну мне падалося, што мне раскалолі галаву і выбілі мозг. Але ж не, я ляжу і думаю, значыць, я жыву і галава цэлая. Чую, як енчыць і страшна хрыпіць дзядзька Міхал. Яму, мусіць, прастрэлілі лёгкія, краем вока бачу, як ён пакутуе і зьвіваецца каля мяне. „Поправ тэму, цо сен так віе” — кажа той, што страляў. І тады другі пусьціў у дзядзьку чаргу з аўтамата. Дабіў яго. Я ляжаў да таго часу, пакуль ня ўбачыў, што яны адышлі ад нас і сталі глядзець, як гарыць вёска. Я паволі адпоўз ад іх, потым прыўзьняўся і кінуўся бегчы. Тады якраз пачалася страляніна, я ня ведаю, стралялі па мне ці, можа, у вёсцы людзей забівалі. Я ўцякаў. Я схаваўся ў акопах, што засталіся пасьля немцаў, сядзеў там і прамёрз. Адчуваў, як па маім целе, пад вопраткай, сьцякае кроў. Трэба было падацца кудысь да людзей. Але куды пайсьці? Кругом польскія вёскі. Я пастукаў у акно, мне адчыніла бабулька. Сказаў, што я з Занёў, што нас спалілі і пабілі. Прыйшоў гаспадар, у хаце лямпы не палілі, але ён адчуў, што нешта са мною блага. Ён стаў мяне разглядаць і ўбачыў, што зь мяне цячэ кроў. Я быў ранены ў двух месцах. Адна куля прайшла праз шыю, другая трапіла ў плячо і выйшла каля локця. Ён мяне перавязаў, а ранкам павёз у Зані. На вуліцы я ўбачыў забітага бацьку. Зайшоў у хату, на пасьцелі ляжала мая сястра, ёй прастрэлілі грудзі. І той чалавек занёс сястру на сваю фурманку і павёз цераз Бранск у Бельск, у шпіталь. Там яе адратавалі. У Занях у тую ноч забілі 24 асобы. Многа паранілі. Наш сусед выносіў з хаты свайго ўнука, па ім стралялі з аўтамата, хлопчыку было ўсяго чатыры гады, а можа і таго не, кулі яго разнесьлі амаль на кавалкі, а суседу адстрэлілі абедзьве рукі. Яны потым выехалі ў СССР, засталася яго дачка, жыве ў Занях да гэтай пары.

Я: За што стралялі людзей у Занях і палілі вёску? Можа, хтось з Занёў нейкага паляка забіў або выдаў бясьпецы, і потым зь лесу прыйшлі помсьціць?

А. К.: Ніхто з нас нікога не забіваў. Стралялі і мучылі нас за тое, што мы беларусы, што рэлігія ў нас іншая. Вам, сьмярдзючым беларусам, месца там, пад Масквой, а ня тут, казалі яны ня раз. Вам трэба ведаць, якія ў нас тут, „на шляхце”, як людзі кажуць, палякі жывуць. Ім ксяндзы ў касьцёлах казалі, што руская рэлігія Маткі Боскай не прызнае, і яны гэтаму верылі і вераць да сёньня.

Успамінае П. М.: Заходзіць дзядзька ў нашу хату і кажа, што вёска гарыць. Я на двор, а на загуменьні стаяць з карабінамі. Назад у хату! Сядзець і не выходзіць! Я ўзяў дзьвюх маіх дачок на рукі, пайшоў зь імі на двор і цераз вуліцу подбегам, каб хутчэй, у лес. За мною стралялі, куля трапіла мне ў клуб, я ўпаў з дочкамі ў баразёнку на агародзе. Аднекуль падбегла мая сястра, забрала дзяўчынак і панесла іх за вёску. Я бачу, ляжыць мая мама на агародзе, забітая. Я падпоўз да яе, кранаю, але яна не варушыцца. Я ляжаў каля мамы ня ведаю як доўга, аж чую, крычаць: „Зьбюрка! Зьбюрка!” Вёска палыхае, яны ідуць вуліцай, згледзелі нас, падыходзіць адзін, падыходзіць другі. „Курва маць, нема набоі!” Потым падыходзіць трэці з карабінам, такі каратыш, ростам з мэтар, калі ў шапцы. Ён страляе ў маму, ужо мёртвую. Потым страляе ў мяне. І я тады, як ляжаў, то сеў і ня ведаю, што са мною сталася. Ужо нічога ня бачыў. Куля выбіла мне адно вока, прайшла пераносьсем і выкалупнула другое. Яно, як людзі мне потым казалі, ліпела нейкі час на адной жылцы. Яны пайшлі далей, а я застаўся сядзець там без вачэй, жывы. І ў таго каратыша не хапіла на мяне амуніцыі.

Магіла пастраляных 2 лютага 1946 году людзей у Занях мэтраў дзьвесьце за вёскай. На пачатку 1970-х на тым месцы паставілі мэмарыяльную табліцу. Высечана на ёй 24 прозьвішчы. Найстарэйшаму з забітых 83 гады, наймалодшаму — 4. Гэта тое хлапчанё, якое ратаваў і выносіў з полымя дзед, пакуль яму не адстрэлілі рук.

Зані спаліў адзін з аддзелаў так званага „Поготовя Акцыі Спэцыяльнэй” (ПАС), якім камандаваў „Буры” (Ромуальд Райс). Аддзел складаўся з АКаўцаў, якія прыйшлі на Беласточчыну зь Віленшчыны, і таксама зь мясцовых палякаў.

— Вы, калі ласка, не запісвайце нашых прозьвішчаў у газэце, — прасілі мяне жыхары Занёў. — Мы вам расказалі ўсё, як было. Але прозьвішчаў нашых не запісвайце. Жывуць нашы дзеці, нам трэба жыць. Зразумейце тое, што нас стралялі не партызаны з-за граніцы, а нашы суседзі з навакольных вёсак. Мы ня хочам, каб тыя, што стралялі нас тады, помсьцілі нам і цяпер. Калісьці называлі іх бандытамі, цяпер гавораць, што яны героі, бо змагаліся за вольную Польшчу.

Я запісаў гэтыя словы 17 красавіка 1990 году ў Занях, на беларускім астраўку ў Польскай Рэчпаспалітай.

Я не адчуваю нянавісьці да палякаў.

PDF for printing » Click the icon to download...
Ян Максімюк, Попел і памяць
2007-11-18, 07:48
EPUB for e-book/Kindle readers » Click the icon to download...
Ян Максімюк, Попел і памяць
2007-11-18, 07:48