Home For Our Children Articles Belles-Lettres Dictionary Audio Files Contact Us Svoja.org on Facebook
Our language, our choice, our fate...
Svoja.org » Articles » «Trava zabytia». Кніга, якая моцна ўразіла ў 2023 годзе
«Trava zabytia». Кніга, якая моцна ўразіла ў 2023 годзе
Click to enlarge...

Падляская мова пакідае незабыўны сьлед, невынішчальнае пасланьне ў Польшчы, у тым ліку аб беларускай прысутнасьці там...

Уладзіслаў Гарбацкі
2023-12-31
Новы час

Прыгадваю багаты сьпіс прачытаных у 2023 годзе кнігаў, і безупынку ўсплывае адна кніга-фаварытка, кніга-адкрыцьцё і спадзеў, не зважаючы на сумнеўную назву — «Trava zabytia» Яна Максімюка.

Да яе хочацца вяртацца па розных прычынах: і таму, што напісаная яна на падляскай мове, і таму, што ў траве забыцьця, што авалодала родным кутом пісьменьніка, я прыкмеціў і дзівосныя парасткі нечаканай адновы, прабуджэньня. І таму, што кніга гэтая напісаная ў маім улюбёным жанры — сацыялягічнага раману ці аўтафікшн. Ян Максімюк таксама шмат піша ў такім жанры, за які, дарэчы, летась францужанка Ані Эрно атрымала Нобэля ў літаратуры. Сумесь аўтабіяграфіі, успамінаў, апавяданьня і эсэ — такое вельмі эўрапейскае пісьмо.

Перадусім мяне захапіла мова твору — яна выклікала нечуваны аптымізм ува мне. Я чытаў і разумеў вось што: сучасную беларускую мову ратуе падляская мова, якая хоць і зьнікае сама, але дзякуючы таму, што функцыянуе ва ўмовах дэмакратыі, сілкуе беларускую мову, амаль цалкам выкінутую з ужытку на радзіме. Падляская мова пакідае незабыўны сьлед, невынішчальнае пасланьне ў Польшчы, у тым ліку аб беларускай прысутнасьці там. А яшчэ абапіраючыся на лацінку, падляская мова так натуральна і прыгожа падкрэсьлівае нашую повязь з Эўропай, дзе мы калісьці былі цывілізацыйна, а ня толькі проста геаграфічна, як цяпер. Нашыя ж падляскія суродзічы жывуць у Эўропе, а таму дазваляюць сабе і эўрапейскую манеру пісьма, і грунтоўныя філязофскія пытаньні аб жыцьці, а ня толькі аб выжываньні. Як мы бачым апошнім часам на прыкладзе росквіту літаратуры Падляшша, не беларусы мэтраполіі дапамагаюць суродзічам на Падляшшы, а хутчэй наадварот.

Мудрагелісты, сьвежы і іншы погляд на сьвет, і ў тым ліку на Беларусь, што прапануе пісьменьнік з Падляшша Ян Максімюк, стаўся дадатковай прычынай палымянай сымпатыі да ягонай творчасьці. Зь першых старонак кнігі «Trava zabytia» аўтар апускае нас у казачны сьвет дзяцінства, калі мы ўсе дзівіліся такім простым цудам: чараўніцтву бабуляў, волацтву дзядоў, маладосьці і прыгажосьці бацькоў. Калі нас зьдзіўляла тое, як бабулі без адукацыі трымаюць у галаве ўвесь народны каляндар, бясхібна падлічваюць даты рухомых сьвятаў і навучаюць лепей за школы і ўнівэрсытэты роднай мове. Зь першых старонак Як Максімюк гуртуе нас простай мудрасьцю ягонай бабулі Марыі пра «далёкі сьвет». Перадусім мы і так часта думаем і сумуем за малой радзімай, якая пусьціла нас у далёкі сьвет. А пасьля 2020 году сотні тысячаў беларусак і беларусаў апынуліся ў яшчэ далячэйшым сьвеце. Ну і ўсе мы рана ці позна задумваемся пра памерлых, загіблых блізкіх, якія, як трапна заўважае Я. Максімюк, пайшлі ад нас у далёкі сьвет.

З сумам, але і з гумарам аўтар распавядае пра свае дзяцінства, родных, пераход у дарослае жыцьцё. Так рупліва і міла пра дзіцячы сьвет акрамя Яна Максімюка пісаў хіба што Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры.

Зрэшты, разважаючы пра дзяцінства, пісьменьнік безупынку вяртаецца да моўнага пытаньня, якое пазьней сталася важнай прафэсійнай і актывісцкай справай Яна Максімюка. Вядома, у дзяцінстве ён не разважаў мовазнаўчымі катэгорыямі, але менавіта тады склалася ягоная моўная карціна сьвету. Ягонай першай мовай сталася падляская, якая заставалася інтымнай мовай, мовай сям’і, вёскі-«калёніі», прыгэтым публічнымі і нібыта «дарослымі» і «сур’ёзнымі» мовамі былі польская і ў пэўнай ступені беларуская. Супярэчнасьці паміж усімі гэтымі станамі і мовамі пазьней выбухнулі сапраўднай сацыялінгвістычнай бомбай і прывялі да таго, што Як Максімюк прысьвяціў сябе папулярызацыі і кадыфікацыі падляскай («сваёй») мікрамовы. Стварыў слоўнік падляскай (сваёй) мовы і стаўся адным з галоўных ейных прапагатараў у сьвеце. Таму кніга «Trava zabytia» цікавая ня толькі з літаратурнага і эстэтычнага погляду, але і навуковага — мовазнаўчага, яна тлумачыць шлях дасьледніка і пісьменьніка.

Гартаючы апошнія старонікі кнігі і перачытваючы ейныя многія часткі, чытацтва сапраўды ахутвае настальгійны настрой, але ж скрозь яго безупынку прабіваюцца вельмі пэўныя і аптымісцкія ноткі: так, дзіцячы сьвет з усімі ягонымі цудамі застаўся ў мінулым, але даросласьць і сучаснасьць, у якіх Я. Максімюк разам з аднадумцамі выбудаваў рэальны падляскі сусьвет, замацаваны ў мове, слоўніках і кнігах, дарыць надзею і моцныя арыентыры новым падляскім, беларускім і польскім пакаленьням.

Так, на старых сялібах Падляшша буяе трава забыцьця, як яна буяе і на шматлікіх сялібах Беларусі. Але ж дзякуючы багатай дзейнасьці сп. Яна Максімюка ды ягоных аднадумцаў на ніве сваёй мовы парасткі інтарэсу і адновы культуры і мовы ўжо прабіваюцца і прабівацьмуць калі ня ў месьце, то ў сеціве і ў шматлікіх раскіданых цяпер па сьвеце прыватных бібліятэках і бібліятэчках беларусак і беларусаў.

PDF for printing » Click the icon to download...
Уладзіслаў Гарбацкі, «Trava zabytia». Кніга, якая моцна ўразіла ў 2023 годзе
2024-03-25, 14:46
EPUB for e-book/Kindle readers » Click the icon to download...
Уладзіслаў Гарбацкі, «Trava zabytia». Кніга, якая моцна ўразіла ў 2023 годзе
2024-03-25, 14:46