Svoja.org » Hromada » Maksymiuk Jan » Let’s write and read Podlachian
Let’s write and read Podlachian
Natisnuti, kob pobôlšyti...
Ян Максімюк
2008-03-17
Радыё Свабода

Bajki

Недзе з год таму я раздрукаваў свой падляскі пераклад раману нарвэскага пісьменьніка Тар’ей Вэсаса „Vårnatt” („Vesnianaja nôč”) і даў яго пачытаць сваёй маме ў Беластоку. – Siête, mamo, napisane po-našomu, – было адзіным папярэджаньнем, якое я зрабіў ёй перад чытаньнем. Мама свабодна чытае па-польску і па-беларуску, але тэкст па-падляску бачыла ўпершыню. Яна таксама ўпершыню бачыла „беларускую лацінку”, якая стала асновай падляскага альфабэту. Я вельмі хваляваўся – як-ніяк, першы ў сьвеце чытач падляскай мовы ў маім правапісе – але зусім непатрэбна. Мама стала чытаць гладка, як быццам усё жыцьцё нічога іншага не чытала. – Nu i jak čytajetsie? – запытаўся я, калі мама дайшла да канца старонкі. – Bájki, – адказала яна.

Bajki — адно з тых файных падляскіх слоў, якіх няма нідзе больш на сьвеце. Яно неадменнае і можа выконваць функцыі прыметніка і прыслоўя, у залежнасьці ад кантэксту. Абазначае памяркоўна станоўчую якасьць або стан. Vôn bajki chłopeć (ён неблагі хлопец). Jak žyvetsie? Bajki (някепска, добра). Маме чыталася па-нашаму bajki. Я быў шчасьлівы.

Мама прачытала гэты раман – які распавядае аб нязвыклых прыгодах чатырнаццацігадовага хлопца ва ўласным доме цягам аднае нязвыклае ночы – за два дні. Я заўважыў, што яна чытала сабе ўголас – безумоўна, каб лепш схопліваць сэнс з гукаў слоў (якія яна за сваё жыцьцё чула сотні і тысячы разоў), а ня зь іхнага выгляду (бо ж ня бачыла іх ніколі раней). I jak tobiê knižka? – запытаўся я, чакаючы яшчэ большай пахвалы. – Ja ne rozumiêju, našto lude pišut takije bzdury. A šče menš rozumiêju, našto inšy lude jich perakładajut, – сказала мама. А потым дакінула зь хітраватай усьмешкай: – Ale jak perekładeš šče što-leń z takich bzduruv, to prynesi i mniê počytati.

Чым ёсьць падляская мова сёньня?

Пакуль што ў падляскіх тэкстах на Беласточчыне – а яны, хоць і нягуста, але ствараюцца і па-за сям’ёй Максімюкоў – пануе правапісны разнабой. Па-першае, няма згоды, ці пісаць па-падляску кірыліцай, ці лацінкай. Я мяркую, што з практычнага гледзішча лацінка – куды лепшы выбар за кірыліцу. Таму што пасьля палітычнага злому ў Польшчы ў 1989 г. беластоцкія беларусы сталі жахліва хутка развучвацца чытаць кірылічныя тэксты (бальшыня перастала цікавіцца кірыліцай, калі са школаў у масавым парадку вывелі навучаньне расейскай мовы). Іншыя мяркуюць, што кірыліца – гэта „наша родная маці”, – а таму трэба заставацца ёй верным ажно да скону апошняга беларуса ў Польшчы. Па-другое, правапісны разнабой бярэцца з таго, што на падляскія гаворкі людзі найчасьцей глядзяць праз прызму польскай ці беларускай моваў, фаналягічныя сыстэмы якіх значна адрозьніваюцца ад падляскай. Tаму выкарыстаньне правапісных прыёмаў per analogiam з польскай або беларускай мовамі не заўсёды прыводзіць да такіх самых графічных вынікаў ва ўсіх падляскіх тэкстах. Па-трэцяе, падляскія гаворкі на Беласточчыне распадзяляюцца на дзьве выразныя дыялектныя зоны, якія немагчыма зьвесьці да аднае артаграфічнае сыстэмы (прыкладам, мусова выбіраць паміж напісаньнямі choditi і chodyty або diêti і dêty). Урэшце, неразьбярыха пануе ў графічным афармленьні дыфтонгаў, якія ёсьць адной з найважнейшых фанэтычных асаблівасьцяў гаворак.

Па сутнасьці, мой пераклад раману „Vesnianaja nôč” ёсьць першым тэкстам пападляску, правапіс якога абапіраецца непасрэдна на фаналягічную сыстэму падляскіх гаворак (кажучы дакладна – гаворак паўночна-заходняй дыялектнай зоны падляскай мовы, якой характэрныя вымаўленьні тыпу robiti, pudkoročuvati, zima, nichto, kuneć, tiêsto, biêły, korcê, zôrka, kôń) і скарыстоўвае фанэматычны прынцып запісу зычных як асноўны. Гэты правапіс ужывае набор графічных знакаў ведамых як „беларуская лацінка” плюс чатыры дадатковыя знакі для абазначэньня падляскіх гукаў, якія не сустракаюцца ў беларускай мове – парных па звонкасьці/глухасьці мяккіх зычных ď і ť ды дыфтонгаў ê i ô.

У падляскай мове тры дыфтонгі: [ie], ê [ye] i ô [uo]. Дыфтонг атрымаем, пачынаючы вымаўляць [i] і плаўна пераходзячы да [e]; дыфтонг ê ёсьць вынікам плаўнага пераходу ў вымаўленьні ад [y] да [e]; ô артыкулюецца пры плаўным пераходзе ад [u] да [o]. Паколькі дыфтонг выступае толькі пасьля мяккіх або памякчаных зычных, а дыфтонг ê толькі пасьля зацьвярдзелых зычных [ž], [š], [č], [dž] і [r], абодва гэтыя гукі можна разглядаць як пазыцыйныя варыянты аднае фанэмы, якую мы пазначаем як <ê>. Дыфтонг ô прадстаўляе асобную фанэму <ô>. (Ідэю скарыстаць графэмы ê і ô для пазначэньня падляскіх дыфтонгаў дапамог мне высьпеліць беларускі лінгвіст і паліглёт Сяргей Шупа. Дзякуй! Падляскі народ павінен паіць яго задарма да канца свайго існаваньня!)

У падляскай мове дыфтонгі заўсёды пад націскам. Гэта значыць, што ў простым слове можа выступіць толькі адзін дыфтонг. Гэтае правіла пераносіцца і на добра ўсвоеныя складаныя словы, напрыклад: sinokôs (siêno + kositi), Biłostôk (biêły + stôk). Дыфтонгі і ê выступаюць або ў сярэдзіне, або ў канцы слова (у сярэдзіне слова яны наагул выступаюць там, дзе ў стараславянскай мове стаіць галосная „яць”). Дыфтонг ô выступае амаль выключна ў сярэдзіне слова. Мне ведамыя толькі два выпадкі, калі ô выступае на пачатку падляскага слова: ôvsianka (ôvsisko), ôś (ôśka). У іншых выпадках, калі для ô „этымалягічна трэба” выступіць на пачатку слова, дыфтонг папярэджваецца пратэтычнай зычнай v: vôlcha, vôsim, Vôrla, vôn.

Акрамя наяўнасьці дыфтонгаў, да найбольш характэрных фанэтычных рысаў падляскай мовы належаць дыспаляталізацыя губных і зубных зычных перад этымалягічным e (besiêda, pečatka, deseť, tečy, zemla, sestra, veliki, meža, nebo); оканьне і уканьне ў ненаціскных складах (koróva, dorobíti, pomohčý, zadovolóny, žółub, nučliêh, pudłožýti); памякчанасьць губных і зубных зычных перад i ды (biti, biêh, pivo, piêna, zima, ziêle, sivy, siêty, divo, diêło, ticho, tiêń, miły, miêra, vidno, viêra, nikoli, niê).

У нармалізаванай падляскай мове назіраецца чаргаваньне пачатковага ненаціскнога u з v перад зычнымі (і прыназоўніка u з v), падобна як гэта адбываецца ў беларускай у выпадку у і ў: vôn ustydavsie, vony vstydalisie, ja vže tut, uže večur, vôn u nas, vona v nas.

У падляскай мове, падобна як у беларускай і польскай, выступае рэгрэсіўная асыміляцыя, у выніку якой звонкія зычныя перад глухімі аглушаюцца, а глухія перад звонкімі азванчаюцца

Карэляцыю па звонкасьці/глухасьці ўтварае 9 пар падляскіх зычных: [b]-[p], [d]-[t], [d’]-[t’], [g]-[k], [h]-[ch], [z]-[s], [z’]-[s’], [ž]-[š], [dž]-[č].

Зубныя z і s перад мяккімі зычнымі [z’], [s’], [d’], [t’], [n’], [l], [j] i памякчанымі зычнымі [b’], [p’], [v’], [m’] у падляскай мове зьмякчаюцца, падобна як у беларускай, але значна слабей (у нармалізаваным правапісе гэтае зьмякчэньне не пазнача ецца – zmiêt, zniav, sniêh, spit).

Карэляцыю па цьвёрдасьці/мяккасьці ў падляскай мове ўтварае 6 пар зычных: [d]-[d’], [t]-[t’], [n]-[n’], [z]-[z’], [s]-[s’], [ł]-[l].

Фанэмы <g>, <f>, <dz>, <dź> – „чужыя” для падляскай мовы: <g> i <f> выступаюць толькі ў слoвах, пазычаных з польскай і эўрапейскіх неславянскіх моваў (найчасьцей праз польскую), а <dz> i <dź> толькі ў словах, пазычаных з польскай, беларускай і балцкіх моваў.

Што далей?

Наперадзе, як заўсёды, беспрасьветна і страшна. Аб чым, зрэшты, час ад часу нагадвае мне жонка: „Тут у Празе калісьці ўжо быў адзін, які хацеў навучыць беларусаў пісаць і чытаць па-свойму. Ты забыўся, што ў яго атрымалася?”

Тым ня менш:

Сёньня мы з братам Аляксандрам, які жыве ў Беластоку, адчынілі сайт, прысьвечаны нармалізацыі падляскай мовы. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Сайт інтэрактыўны, нам можна пісаць, з намі можна спрачацца, нас можна лаяць і размазваць па сьценах. З сайту можна таксама спампаваць згаданую „Vesnianuju nôč” і граматыку падляскай мовы (яна, праўда, яшчэ не закончаная). І можна паслухаць, як гучыць падляская мова – родная мова пераважнай бальшыні беларусаў Польшчы.

Dodatki » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Zładovati siêty skôp... Упершыню тэкст быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 17 сакавіка 2008. Тая публікацыя, разам з дыскусіяй наведнікаў сайту, прыкладаецца тут у файле PDF
Objôm » 249,84 KB — 16-03-2008, 00:00 — Korystalniki » 11 — Zładovania » 26