Svoja.org » Hromada » Maksymiuk Aleksander » Палешукі на Падляшшы
Палешукі на Падляшшы
Natisnuti, kob pobôlšyti...

Пінскія акторы на сцэне беластоцкага тэатру. Фота Дарафея Фіёніка

Аляксандар Максімюк
2009-11
Czasopis. Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

Палескі драматычны тэатар зь Пінску ў пачатку кастрычніка тройчы выступіў перад публікай Падляшша: 2 кастрычніка ў Гайнаўцы, 3-га ў Бельску і 4-га ў Беластоку. Паказаў ён вадэвіль Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча „Пінская шляхта” — асаблівасьцю спэктакляў была мова, акторы выконвалі свае ролі на мове арыгіналу п’есы, на палескім дыялекце, а не ў перакладзе на беларускую літаратурную мову, у якім ведае гэты тэкст кожны, хто якім-небудзь чынам прайшоў у сваім жыцьці курс беларускай літаратуры.

Я ішоў на беластоцкі паказ спэктаклю з хваляваньнем. Адна прычына была такая, што я знарок не даведваўся ні ў якога гайнаўскага або бельскага знаёмага, а на якой жа мове іграюць акторы (хай хваляваньне не суцішаецца аж да апошняга момату). А другая прычына — дык гэта было пытаньне, а як жа спэктакль будзе прыняты беластоцкай публікай, якая цягам апошніх 20 гадоў толькі збольшага ўсьведаміла, што існуе такая дзяржава як Беларусь і што ў дзяржавы той свая самабытная і адрозная ад польскай мова. Якая ж будзе тая рэакцыя, калі з вуснаў беларускіх актораў прагучыць яшчэ адна нацыянальная мова і „dlaczego nas nikt o tym nie uprzedził” :)

Адразу ў тэатры чакала мілая неспадзеўка — публіка зьлёгку „ваявала” і спрачалася за месцы ў зале. Усё турнэ пінскага тэатру па Беласточчыне арганізаваў Дарафей Фіёнік у рамках свайго таварыства Музэй малой Айчыны ў Студзіводах пры падтрымцы беларускай дзяржавы — Культурнага цэнтру Беларусі ў Беластоку і Генэральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Уваход на спэктаклі быў свабодны, ніякіх квіткоў набываць загадзя ня трэба было. У выніку ж, хто абачліва не пасьпяшаўся ў тэатар або не забраніраваў крэслаў праз знаёмых, якія пасьпяшаліся, дык аказаўся бязь месца і глядзеў вадэвіль стоячы.

Сюжэт вадэвілю да таго просты, што і двух сказаў было б замнога, каб яго перадаць, дык я буду пра іншае. „Пінская шляхта” гэта тэкст, які знаходзіцца ў вытокаў беларускай літаратуры, аўтарства тэксту, якое прыпісваецца Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу — фармальнае, да часу пакуль гісторыкі і дасьледчыкі ня знойдуць кандыдата, які пад гэтага аўтара лепш падыдзе. Акрамя рукапісу „Пінскай шляхты” ў яго куфэрку, нам не засталося ніякае надзейнае сьведчаньне, што В. Дунін-Марцінкевіч ведаў палескую мову ажно так дасканала — гэта, па рацыянальных мерках, з кола кандыдатаў на аўтарства вадэвілю яго хутчэй за ўсё выключае. Для нас, насельнікаў Падляшша, істотны аднак той факт, што гэтая пастаноўка менавіта ў вытокаў беларускай літаратуры ды фармаваньня сучаснай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Арыгінал п’есы — апублікаваў яго ў 1984 годзе гісторык Язэп Янушкевіч — напісаны на мове амаль у 100% ідэнтычнай з нашаю падляскай мовай.

Для мяне выступ пінскага тэатру стаў момантам, калі наша „сакрэтная” і дагэтуль „вясковая” мова атрымала праз высокае мастацтва завяршальную набілітацыю і перайшла ў лік пісьмовых моваў (ці ж трэба яшчэ нейкія іншыя і лепшыя доказы жыцьцяздольнасьці і самабытнасьці мовы, чым такое мастацкае выяўленьне ў нашай мове?). Пасьля спэктаклю — гэта ўжо мусіў быць цяг невыпадковых выпадкаў — я лоб у лоб зыйшоўся з Дарафеем Фіёнікам і ягонай сястрою Аннай ды ў шчырай размове зь імі ня мог паўстрымаць ні свайго зьдзіўленьня, ні пытаньняў, якія я ставіў ні то маім суразмоўцам, ні то самому сабе. Чаму ж гэта так сталася, што толькі цяпер — пасьля 20 гадоў з часу, калі была дадзеная ў нашай краіне вольная воля выяўляць сваю ініцыятыву — мы маем такі тэатар тут на Беласточчыне, чаму так позна набілітуецца наша мова, чаму столькі часу згубілі мы на нярэдка пустыя для нас справы, замест глядзець на сьвет з належнаю яму праніклівасьцю ды зь першага пагляду-падыходу аддзяляць сапраўднае ад ілюзорна-прывіднага.

Прывіднага было ў нас шмат, а праўдзівыя справы — дагэтуль толькі дзьве. Першым момантам быў афіцыйны выхад у грамадзтва пад беларускаю шыльдай ды спроба займець сваё месца ў палітычным жыцьці. Пра сур’ёзнасьць трактоўкі гэтай справы засьведчыў калібар, зь якога да нас выстралілі — выстраліў дзяржаўны апарат пры дапамозе сваіх афіцыйных і сак­рэтных установаў.

Актуальна мы стаім перад другім сапраўды істотным пытаньнем, якое патрабуе як найбольш сумленнага падыходу — гэта ўвод традыцыйных назваў на Беласточчыне. Ні беларуская літаратурная мова, ні ўкраінская літаратурная мова ня ў змозе справіцца з гэтым пытаньнем — наш мясцовы варыянт мовы, да якога б літаратурнага мяшка яго не ўкідаць, складае па-просту (і аж!) асобную моўную сыстэму. Спрабаваць перадаць тыя назвы беларускім літаратурным варыянтам (або ўкраінскім) — гэта так як дачапіць да афіцыйных польскіх моўных монстраў крыху меншыя монстры беларускія (або ўкраінскія). Праз прызму любой актуальна існуючай на Падляшшы нацыянальнай дактрыны пытаньне традыцыйных назваў не вырашаецца. Кожны, хто спрабуе гэта зрабіць па лініі сьляпой дактрыны — пакіне па сабе вечную памятку сваёй некампэтэнтнасьці. Дарэчы, расплывістасьць і цьмянасьць, зь якой пішуцца допісы на тэму традыцыйных назваў на Беласточчыне, а таксама адсутнасьць у гэтай дыскусіі асоб, якія ў гэтай акурат справе павінны выказацца як першыя, сьведчыць, што ўсе яны гэтую справу адчуваюць дакладна так.

Вярнуся аднак да тэатру, зь якога я і пачаў тэкст. Сайт Svoja.org перапіша (гэта важна: перапіша, а не перакладзе, бо ніякі пераклад непатрэбны) поўны тэкст „Пінскай шляхты” і дасьць такім чынам магчымасьць гартаць-чытаць тэкст кожнаму, хто захоча асьведаміцца-падмацавацца магутнасьцю традыцыі нашага падляскага варыянту мовы — movy, pud kotoroji vpłyvom formovałasie biłoruśka literaturna mova i novožytna biłoruśka sviêdomosť.

Kod siêtoji storônki » Nečytelny, pominiati na inšy...
Nečytelny, pominiati na inšy...Siêty kod treba perepisati v odpoviêdniu rubryku formulara, koli schočete vysłati komentar abo e-mail. Zarejestrovanym (i zalogovanym) korystalnikam ne treba vvoditi nijakich koduv (zarejestrovatisie na Svoja.org).
Komentarê (0) » Konverter » Pudlaśka klavijatura
Natisnuti, kob pokazati formular...Natisnuti, kob schovati formular... Napisati komentar
  • Usiê pola, kotory treba zapovniti, zaznačany *.
  • Anonimny komentarê publikujutsie posla akceptaciji administratora storônki.
  • Komentarê zarejestrovanych korystalnikuv ne vymahajut akceptaciji. Zarejestrovany korystalniki majut taksamo para dodatkovych fajnych funkcijuv.
  • » Praviła siêtoho sajtu

* Kod storônki: