Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Пад знакам прамінаньня
Пад знакам прамінаньня
Natisnuti, kob pobôlšyti...

У гэтым годзе ў Беластоку рамантвалася і будавалася шмат

Аляксандар Максімюк
2009-08-09
Radio Białystok

Сёньня гутарка будзе пра Беласток. Пра такі Беласток, зь якім мусіў сутыкнуцца кожны сталы жыхар нашага рэгіёну. Пра Беласток, у якім паволі меншае такіх месцаў, якімі можна палюбавацца ці проста зачапіць на іх вока.

Пастаянна жыву я ў Беластоку апошнія гадоў дваццаць. Беласток таксама жыве ва ўспамінах майго шасьці- або сямігадовага дзяцінства. Дзяцінства тое выпала на першую палову сямідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя — акурат той момант нашай беларускай гісторыі ў Польшчы, калі на імгненьне працоўны народ адчуў, што матэрыяльна жывецца яму лягчэй. Жанчыны на вёсцы зразумелі таксама, што замест рашчыняць хлеб і выпякаць яго на ўвесь тыдзень, значна прасьцей будзе ім зьезьдзіць у горад ды купіць гэты хлеб у краме. А пры нагодзе — прывезьці кіляграмы два мястовай вяндліны. Быў такі кароткі пэрыяд дабрабыту пры Герку.

Усё жывуць ува мне ўспаміны таго Беластоку пачатку сямідзесятых гадоў мінулага веку, калі трымаючыся за руку ішоў я з маёй маці ад адной крамы ў другую — Сенны рынак, вялікі павільён „Цэнтраль”, абавязкова рыбная крама на вуліцы Мальмэда. Гэта некаторыя месцы, якія наведваліся за кожным разам. Калі гадоў сем або восем назад рыбная крама на рагу Мальмэда і Пятркоўскай зьнікла назаўсёды, дык я адчуў, што нешта істотнае скурчылася і ў маім жыцьці. Пераступіць у чацьвер парог той крамы ды купіць духмяную вэнджаную макрэлю — гэта значыла для мяне ня толькі купіць смачную рыбу. Гэта значыла таксама пераступіць нябачны парог дзяцінства ды ажывіць усю гаму вобразаў, думак ды пачуцьцяў, якія адносіліся да таго старога Беластоку.

На шчасьце ў Беластоку дастаткова зялёных калідораў. Калі летам даводзіцца заставацца ў горадзе, дык ёсьць дзе прайсьціся і знайсьці цень. Але, калі ў Вас звычка хадзіць на прагулку штодзённа, дык з часам заўважыце і іншае. Калі станеце хадзіць штодзённа, дык акрамя гэтых зялёных калідораў Вы запатрабуеце таксама цікавых сваім краявідам месцаў. Ня будзеш жа хадзіць між блёкамі, якія ў кожным горадзе ў гэтай краіне аднолькавыя. У Беластоку Вы ўсё яшчэ такія цікавыя месцы знойдзеце — гэта астаткі старой, вясковай у сваім краявідзе, забудовы.

Я на адным дыханьні ўмею такія найважнейшыя месцы пералічыць: Млыновая і Грунвальдзкая, Пралетарыяцкая і яе ваколіцы, Жалезная, Баяры. Калі вось ступіце нагою ў такі раён Беластоку, дык Вы зразу адчуеце, што знаходзіцеся ў горадзе, у якога ёсьць кавалак сваёй гісторыі.

Але ўсе гэтыя месцы паступова скурчваюцца. Паволі тапнеюць маляўнічыя будынкі і хаты. На большасьці зь іх сёньня вісяць шыльдачкі, якія папярэджваюць пра небясьпеку абвалу. На свае прагулкі я часта забіраю фотаапарат — фатаграфаваць я люблю зь дзяцінства. І вось цяпер, ня тое, што з году ў год, але нават зь месяца ў месяц я заўважаю, што некаторыя элемэнты старога беластоцкага краявіду існуюць ужо толькі на маіх фатаграфіях.

У гэтым годзе, як ніколі раней, я адчуў, што летам Беласток нагадваў адзін вялікі пляц пабудовы — рамантвалася і будавалася напраўду вельмі шмат. Патлумачыў я сабе гэта тым, што ўлады як мага хутчэй стараюцца скарыстаць эўрасаюзныя датацыі, якія ў супраціўным выпадку трэба будзе вярнуць у эўрапейскую касу.

Ці ёсьць аднак у гэтым вялікім будаўнічым сьпеху хоць кавалачак думкі, каб захаваць тыя старыя, цікавыя і маляўнічыя сваім краявідам месцы? Месцы, у якія ня толькі цікава схадзіць самому, але ў якія цікава будзе прыехаць нашым гасьцям з другога канца Польшчы або сьвету.

PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам прамінаньня
2009-08-12, 11:42
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам прамінаньня
2009-08-12, 11:42