Home For Our Children Articles Belles-Lettres Dictionary Audio Files Contact Us Svoja.org on Facebook
Our language, our choice, our fate...
Svoja.org » Пад знакам старой музыкі
Пад знакам старой музыкі
Click to enlarge...

„Дып пэрпл” 2005 году. Фота Wikipedia

Аляксандар Максімюк
2009-07-19
Radio Białystok

Музыку мы слухаем усё наша жыцьцё, але зь цягам гадоў — назіраю я гэта сам па сабе — мяняецца маё ўспрыманьне. Мяняюцца матывы дзеля якіх я ўключаю радыё, плэер, ці проста зьбіраюся схадзіць або паехаць на канцэрт майго любімага выканаўцы. Гэтае лета як ніколі раней у мяне праходзіць пад знакам музыкі — не, не, я ўжо не ангажуюся ў арганізацыю ніякіх фэстаў кшталту „Басовішча”. Болей таго — наогул стараюся трымацца наводдаль якога-колечы збаўленьня сьвету ды не імкнуся напорыста накідаць навакольлю сваё бачаньне і разуменьне таго ж сьвету.

У чалавека ёсьць адна непазбыўная маладосьць, якую ён праходзіць і гэта самы лепшы момант калі яму можна імкнуцца — у двукосьсі — збавіць гэты сьвет. Гэта час ідэяў і велікадушнага іх ажыцьцяўленьня. Потым, калі прыходзіць усьведамленьне рэчаў і зьяваў характэрнае сталаму ўзросту, дык — па-мойму — пара ўжо спыніць сваю місію і даць трыбуну новаму пакаленьню місіянэраў са сьвежым запасам маладосьці і велікадушнасьці.

Мела аднак жа быць пад знакам музыкі — і будзе! „Басовішча” я ніколі не перастаў любіць, але нядаўна нечакана асьведаміўся ў 20-годзьдзі, якое стукнула гэтаму фэстывалю. У размове з чалавекам, які працуе ў Гарадоцкім цэнтры культуры, я неяк высалапіўся, што асабіста арганізаваў трэцяе „Басовішча”.

— Ой-ёй! — адказаў ён, — не магу я памятаць гэтага часу, бо о! такім пацаном я быў.

У 1992 годзе было мне прыблізна столькі гадоў колькі майму гарадоцкаму суразмоўцу цяпер і ў той далёкі ўжо час я праўдападобна верыў, што ў музыцы ёсьць яшчэ што-небудзь акрамя ўласна музыкі. Мне напэўна верылася ў тое, што гэтае дадатковае „штосьці” ў змозе збавіць частку майго навакольнага сьвету. Што ў канкрэтнасьці збавіць? Усяляк я стараўся тое выказваць, калі даводзілася пісаць па гэтай тэме або проста падумаць над ёю. Хацелася мне, агульна кажучы, каб наша меншасьць бачылася ў сьвеце як грамада, якая жыве ў рэчышчы сучаснасьці, а ня толькі ў скансэне мінулых стагодзьдзяў. Штогоду на „Басовішча” едуць натоўпы моладзі. Ці ў іх таксама ёсьць тая вера, быццам у гуках музыкі зачараваная сіла, якая здольная пераменьваць сьвет на лепшае? Я не скажу, што сам такую веру страціў, але хутчэй за ўсё перастаў сам сабе ставіць такія пытаньні.

Не наведваю „Басовішча” кожны год — цяпер туды рэгулярна езьдзяць мае дзеці ды ў гэтым сэнсе, можна сказаць, што я там рэгулярна. А калі ўжо паеду, дык перш за ўсё гляджу як хто пасталеў зь сяброў мае маладосьці і як хто сябе пачувае сёньня.

Месяц-два назад быў я на канцэрце „Дып пэрпл” — аднаго з гуртоў маёй маладосьці. Перад гэтым канцэртам асноўнае маё пытаньне было, як і ці наогул яшчэ варушацца ўдзельнікі гэтага легендарнага ў гісторыі рок-музыкі гурту? Легендарныя ўдзельнікі сыгралі паўтарыгадзінны канцэрт без адной хвіліны перапынку — я быў уражаны ня столькі музыкай, тут неспадзевак ніякіх не было, усё было вядомае і знаёмае. Уразіла аднак як яны — ідалы маёй маладосьці — выглядалі і варушыліся. Нягледзячы на пражытыя дзесяткі гадоў, фігуры ў іх былі сухашчавыя як у 20- або 30-годкаў. На сцэне яны варушыліся гэтак жа. З прыемнасьцю адзначаю нешта падобнае і ў дыназаўраў беларускай рок-музыкі на „Басовішчы”. Каторы ўжо раз слухаю энэрэмаў-крамаў-улісаў, а за кожным разам усё гучыць для мяне неяк сьвежа, а самая музыка выходзіць не ад стомленых жыцьцём дзядзькоў, а ад жыцьцярадасных хлопцаў, якіх я памятаю з пачатку 1990-х гадоў.

PDF for printing » Click the icon to download...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам старой музыкі
2009-07-26, 13:59
EPUB for e-book/Kindle readers » Click the icon to download...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам старой музыкі
2009-07-26, 13:59