Hołôvna Svojim diêtium Artykuły Literatura Słovnik Zvukovyje skopy Zvežêteś z nami Svoja.org na Facebook
Svoja mova, svôj vybur, svôj los...
Svoja.org » Пад знакам інтэрнэту
Пад знакам інтэрнэту
Natisnuti, kob pobôlšyti...
Аляксандар Максімюк
2009-07-26
Radio Białystok

Зь інтэрнэтам большасьць нас ужо звыклася. Кампутары, пра якія спачатку нават спэцыялісты казалі, што „яны завялікія дзеля нейкага агульнага і масавага значэньня”, выдатна зьменшыліся сваімі вонкавымі памерамі ды непамерна павялічыліся сваімі ўнутранымі магчымасьцямі. Як некалі тэлевізар уваходзіў у кожную хату — сьпярша гарадзкую, а потым і вясковую, — дык цяпер ролю гэтую выконвае кампутар.

Самым істотным складнікам кампутара ў наш час становіцца праграма для перагляду інтэрнэт-рэсурсаў, г.зв. браўзэр. Вось у гэтым і кожным іншым моманце, калі даводзіцца мне вымавіць гэтае ангельскае слова, дык за кожным разам шкада мне, што беларусы не паклікалі ў гэтае месца свайго ўласнага і адметнага слова. Палякі сваёй przeglądarka-й зразу патрапілі ў самую сутнасьць таго, пра што ва ўсёй беганіне з адной старонкі на другую разыходзіцца. Калі б узяць і сказаць паляку пра нейкі „браўзэр”, дык нельга выключыць, што ён глянуў бы на нас і пастукаўся пальцам у чало. Польская мова многа ў чым не дасягае чэскай, у якой прынцыпова на кожны новы тэрмін прыдумляюць свой уласны, але прыклад з przeglądarka-й добры доказ, што польская мова без асаблівага высілку здольная нават і на чэскі варыянт называньня сьвету.

А як жа са здольнасьцю апісаньня імклівага сьвету па-беларуску? Лёс беларускай мовы — гэта гаротны лёс. Усё сваё жыцьцё, калі я да гэтай мовы дакранаўся, дык у першую чаргу я пераконваўся, што беларуская мова служыць дзеля таго, каб за яе змагацца, а потым ужо — дзесьці як трэці або чацьверты прыярытэт — служыць яна для выказваньня думак, пачуцьцяў ці ідэяў.

Беларусу, каб сьмела і без ваганьняў называць па-свойму сьвет перашкаджае яшчэ адзін псыхалягічны момант. Ён палягае ў тым, што калі трэба зрабіць нам нешта сваё і творчае — напрыклад, паклікаць беларускі тэрмін на гэты ж „браўзэр”, — дык найчасьцей у нікога няма ніякай прапановы — ні разумнай, ні неразумнай. Калі ж, аднак, канцы-канцоў знойдзецца нехта і запрапануе свой варыянт, дык астатняя маса беларусаў наваліцца на таго аднаго з прэтэнзіяй і крыкам, а таксама тысячамі разумных аргумэнтаў, што ў ніякім разе так быць не павінна, бо ж гэта скарабачвае першабытны сэнс, сутнасьць і г.д.

Я ніколі не дасьледаваў, хто так запраграмаваў беларусаў — мы самі сябе, ці нашы варажэнькі — але гэтая праграма генэтычна ўпісаная ў наш код і яна эфэктыўна запутвае нашы ногі ў любым істотным кроку — ня толькі лінгвістычным, але і кожным іншым, — які хочам зрабіць у гэтым сьвеце і пад гэтым сонцам.

Нам, беларусам Падляшша, было б можа крышачку прасьцей, бо можам мы яшчэ выказваць наш імклівы сьвет на роднай падляскай мове, у якой мы нарадзіліся. Вось тут, не баючыся што наваліцца на мяне маса ўсіх беларусаў сьвету, а сама больш маса падляскіх беларусаў — я ўзяў і запрапанаваў уласныя тэрміны на два пякучыя ангельшчынай словы: „браўзэр” і „файл”. „Браўзэр” — праграма для прагляду інтэрнэт-старонак — можа па-нашаму звацца „navigatorom”. Я ведаю, што слова гэтае ня вельмі далёка адцягнутае ад ангельшчыны, але я ня ўзяў яго „от так сабе, з космасу”. „Navigator” — так называлася адна зь першых праграмаў, якая менавіта і служыла дзеля таго, каб пахадзіць сабе па інтэрнэце. З „файлам” мне давялося памучыцца даўжэй, але эфэкт атрымаўся болей удалы — па-нашаму гэта можа называцца „skôp”. „Skôp” утвораны ад накопліваньня, зьбіваньня нечага ў капіцу або кучу.

PDF dla drukovania » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам інтэрнэту
2009-08-10, 13:52
EPUB dla čytałok e-book/Kindle » Natisnuti ikonku, kob zładovati...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам інтэрнэту
2009-08-10, 13:52