Home For Our Children Articles Belles-Lettres Dictionary Audio Files Contact Us Svoja.org on Facebook
Our language, our choice, our fate...
Svoja.org » Пад знакам алгарытмаў
Пад знакам алгарытмаў
Click to enlarge...
Аляксандар Максімюк
2009-08-02
Radio Białystok

Тэхналягічны прагрэс уціснуўся ўсюды — нават туды, дзе надалей магло б абысьціся і безь яго. Маю тут на ўвазе школу. Канікулы, гэта тая пара, калі чалавек можа болей паназіраць за сваімі дзеткамі ды такасама і задумацца над зьменамі, якія адбыліся з часу, калі ў тую школу хадзілі мы па час, калі ў школу пайшлі яны, г.зн. нашы дзеці.

Шмат хто з бацькоў звыкся ўжо з тым, што можа адсочваць ацэнкі, якія зьбірае іхняе дзіця ў інтэрнэт-дзёньніку. Справа з гэтым дзёньнікам наогул карысная. Працаваць нам даводзіцца ўсё даўжэй і цяжэй. Штораз менш у нас часу, каб асабіста заходзіць у школу ды размаўляць зь яе кіраўніцтвам і настаўнікамі. А хачу вам сказаць, што заходзіць туды трэба, бо ніякая тэхналёгія не заступіць шчырай чалавечай размовы. Кажу так, бо цягам тых гадоў, калі мае дзеці хадзілі ў гімназію, дык давялося мне адзін год старшыняваць бацькоўскай радзе школы. Не шкадую я таго году, бо набраў я тады ўласьцівай ацэнкі ўсяго таго, што адбылося ў асьвеце цягам нашай палітычнай трансфармацыі, якая пачалася ў 1989 годзе. Маем зараз дарослае пакаленьне, якое г.зв. „камуны” ані ня памятае, ані ўвогуле яе ўжо ня ведае. Маем пакаленьне, якое падрастала ў той час, калі ў наша жыцьцё ўсё больш уваходзілі кампутарныя тэхналёгіі. Гэтыя тэхналёгіі нашым дзецям — неад’емная частка рэчаіснасьці, у якой яны растуць і дзейнічаюць.

Згаданы раней інтэрнэт-дзёньнік — гэта ўсяго вяршок лядовай гары, калі параўнаць да яе ступень трансфармацыі школы ў кірунку выкарыстаньня сучасных тэхналёгіяў. У маім адчуваньні школа інфарматызавалася ў шмат якіх аспэктах непатрэбна.

Я гляджу, як мая дарослая дачка-ліцэістка састаўляе пісьмовае сачыненьне па польскай мове. Яна перш за ўсё глядзіць, каб у расказе знайшліся фармулёўкі з г.зв. „ключа”. Я тут ня буду расьпісвацца, што такое „ключ”, ані хто яго прыдумаў. Агульна кажучы, „ключ” — гэта алгарытм, паводле якога настаўнік ацэньвае сачыненьне. Калі дачка патрапіць у ключ, дык прыносіць дахаты добрую ацэнку, калі не патрапіць — дык нягледзячы нават на самы высокі мэрытарычны ўзровень расказу, ацэнка добрай не бывае. Гэта добры прыклад, калі можна было б абысьціся без алгарытмаў, працэдураў ды інфарматыкі. Чаму аднак так яно адбываецца?

У чалавека ёсьць хіба неадольная прага здымаць зь сябе адказнасьць за робленае. Да настаўніка, які працуе паводле „ключа”, не прычэпішся — ён жа беззаганна выканаў усю працэдуру-алгарытм, а калі і зрабіў ён што ня так, дык вінаваты ня ён, а міністэрства, якое ўсе гэтыя „ключы” прыдумала і ўвяло ў пэдагагічную практыку.

Абое мае дзеці хадзілі і ходзяць у школы, дзе канчатковыя ацэнкі на паўгодзьдзе вылічваюцца таксама паводле адмысловых алгарытмаў. У крайнім выпадку, калі дзіцяці не пашанцуе са здароўем у час навучальнага году, дык нават з выбітнымі матэматычнымі здольнасьцямі можна яно наканец прызямліцца ўсяго на троечцы па матэматыцы, бо алгарытмы не прадугледжваюць вынятковых сытуацыяў і вынятковых праверак ведаў тых вучняў, якія большасьць свайго часу правялі, прыкладова, па бальніцах. Гэта чарговы прыклад уцёкаў чалавека ад пэрсанальнай адказнасьці за сваю працу — вінаватыя ж, як бы інашк, алгарытмы.

Запаўненьне дакумэнтаў пры паступленьні з гімназіі ў ліцэй таксама ж павінна падысьці пад нейкі алгарытм, бо ж самае першае слова пры разьмеркаваньні ліцэістаў у школы мае сёньня кампутарная сыстэма, а не нарады дырэктароў з настаўнікамі.

Усё тут сказанае абсалютна не прычына, каб заводзіць плач па „камуне”, маўляў, як добра і людзка тады было, але я ўжо многа гадоў назіраю рэзкі ўпадак якаснай працы ды адказнасьці за яе — школа і настаўнікі не састаўляюць ніякага выключэньня ў гэтай карціне. А шкада, бо на дзеці гэта хутка наносіць свой адмоўны адбітак.

PDF for printing » Click the icon to download...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам алгарытмаў
2009-08-11, 18:51
EPUB for e-book/Kindle readers » Click the icon to download...
Аляксандар Максімюк, Пад знакам алгарытмаў
2009-08-11, 18:51