Дзьве выхаваўчыя ўстановы спакон веку незаменныя і неразлучныя ва ўзгадаваньні моладзі. Абсалютнае першынство мае тут інстытут пад шыльдай „бацькоўскі дом”, а зараз за ім інстытут „свая школа”. Акрамя іх, усё астатняе практычна і ня так важна. Калі яшчэ якая-небудзь установа і хоча сказаць сваё слова ў адукацыі, то эфэктыўна можа гэта зрабіць толькі праз стварэньне спрыяльных умоваў для разьвіцьця гэтых двух асноўных інстытутаў.
Беластоцкую гімназію н-р 7 можна лічыць сваёй школай, паколькі дзеці падляскіх беларусаў там маюць магчымасьць навучыцца беларускай мове. Заняткі зь беларускай мовы ідуць там дзякуючы закону, які накладае на дзяржаву абавязак забясьпечыць нацыянальныя меншасьці навучаньнем роднай мовы.
Цягам дзесяцігодзьдзяў беларускую мову спрабоўвалі ў Беластоку ўводзіць шляхам адозваў і заклікаў — і нічога з гэтага не атрымлівалася. Пасьля прыходу ў „дзетародную даросласьць” майго пакаленьня, якое ўсьведаміла, што мову перш-наперш трэба ўводзіць для сябе, а не накідаць яе чужым людзям — дастаткова было паўтара года для ўзьнікненьня першай асьветнай установы ў Беластоку з прадметам беларуская мова і для замацаваньня ў грамадзкай сьвядомасьці станоўчага вобліку самога навучаньня. З таго моманту прайшло больш за 10 гадоў — цяпер навучаньне адбываецца на ўсіх узроўнях і няма клопатаў з наборам патрэбнай колькасьці навучэнцаў.
| Усе вочкі на... Волечку Каліну | ||
| [1] Узнагароду ўручае прэзыдэнт | [2] Волечка сярод сябровак-харыстак | [3] Нечакана абрынулася слава |
| [4] Іграе Тамаш Максімюк — фанат Джымі Пэйджа і гурту „Мэталіка” | [5] Волечка і Наталька Кандрацюк-Сьвярубская на фоне конкурсных працаў | [6] Воплескі мастакам-гімназістам |
| Беласток, 04-04-2008. Фоткі [1-6] © А. Максімюк | ||
4 красавіка ў гэтай гімназіі ў галоўнай ролі выступіла менавіта навучэнка беларускай мовы — Волечка Каліна з трэцяга „б” класа, якая перамагла ў плястычным конкурсе „Жыць з пасіяй”. Волечка — дачка вядомага на Падляшшы, у Польшчы і Эўропе тэлежурналіста і рэпартажыста Юрыя Каліны.
Конкурс датычыў формаў дзейнага ды займальнага праводжаньня моладзьдзю свабоднага часу. У арганізатарах і фундатарах конкурсу апынуліся ўстановы выключнай дастойнасьці і сур’ёзнасьці: беластоцкая гарадзкая камендатура паліцыі, гарадзкая ўправа, кураторыя асьветы і выхаваньня ды мясцовае адгалінаваньне ўсяпольскай арганізацыі „Монар”, якая свае высілкі накіроўвае на прапагандаваньне сярод моладзі свабоднага ад наркотыкаў ладу жыцьця.
Згодна традыцыі конкурсу, падвядзеньне яго вынікаў прайшло ў школе пераможцы, г.зн. у Волеччынай гімназіі. З гэтай нагоды гімназісты зь „сямёркі” падрыхтавалі густоўную ды незацяжную мастацкую частку — адна харавая кампазіцыя на пачатак, уручэньне ўзнагародаў, кароткія прамовы прэзыдэнта горада і віцэ-куратара асьветы, а потым яшчэ дзьве дэклямацыі вершаў, тры песенькі, і дырэктар падзякавала ўсім гасьцям. Усё ўклалася ў адну гадзіну часу, пакідаючы прыемнае ўражаньне акуратнасьці, лёгкасьці й нязмушанасьці. Ну, проста хочацца схадзіць і на якую-небудзь наступную ўрачыстасьць у гэтай школе.

























Comment #1: 06-04-2008, 21:29:49
Comment #2: 07-04-2008, 00:13:51